Беларусы ўцякалі ва Украіну з Расіі: "браты" стралялі і пагражалі згвалціць

У Расіі пары беларусаў давялося перажыць адну з самых цяжкіх начэй у жыцці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У Расіі пары беларусаў давялося перажыць адну з самых цяжкіх начэй у жыцці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Сям'я беларусаў спрабавала ўцячы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ва Украіну праз Расію. На мяжы іх схапілі расійскія вайскоўцы, пагражалі "пасадзіць на бутэльку" і шукалі татуіроўкі са свастыкамі, "як ва ўкранацыстаў".

Пара расказала Еўрарадыё, як перажыла здзекі і знявагі ад "братоў". Пасля вызвалення яны ўсё яшчэ хаваюцца ў Расіі, плануюць зноў уцякаць і шукаюць падтрымкі. Расказваем іх гісторыю.

 

"Ва Украіне бяспечней, чым у Беларусі і Расіі"

У сакавіку Аляксандра на два месяцы пасадзілі ў СІЗА, а потым асудзілі на два гады "хіміі" па артыкуле 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Да разгляду апеляцыі яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Жонку Аляксандра Наталлю сталі выклікаць у міліцыю і таксама зрабілі невыязной. Тады ж мясцовыя ўлады заявілі, што закрыюць іх сямейны бізнес.

У ліпені муж і жонка вырашылі разам з дачкой-студэнткай уцякаць у Грузію праз Расію, не чакаючы суда.

Паколькі база невыязных у Расіі з Беларуссю агульная, выехаць удалося толькі дачцэ. А Наталля з Аляксандрам адважыліся на адчайны крок — прарывацца з Расіі ва Украіну. Вайна палохала, але палічылі, што гэта бяспечней, чым знаходзіцца ў Беларусі ці ў Расіі.

— Я сачыў у тэлеграме за інтэрактыўнымі мапамі баёў. У раёне стыку Харкаўскай і Сумской абласцей была пазначана нічыйная зона. Думаў, ахова там слабая, — расказвае Аляксандр.

 

"Яны ўвесь час пілі піва"

Белорусы бежали в Украину из России: “братья” стреляли и угрожали изнасиловать
Выглядала на тое, што вайскоўцы проста забаўляліся, расказвае Наталля / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Некалькі сутак яны пражылі ў Белгародскай вобласці ў машыне. Двойчы спрабавалі ісці на мяжу. Першы раз трапілі ў балота і вярнуліся. Другі раз іх злавілі расіяне.

— Мы выйшлі пад ноч, кінулі машыну за два кіламетры ад мяжы. І 200 метраў да лініі мяжы не дайшлі. Нас затрымалі вайскоўцы. Нас не білі, але пастралялі над галавой. Я былы вайсковец — мяне гэтым не возьмеш, а жонка перапалохалася да істэрыкі.

Расійскія вайскоўцы аказаліся маладымі хлопцамі. Паводзілі яны сябе дзіўна.

— Было такое ўражанне, што яны ўкураныя, — кажа Наталля. — Пашыраныя зрэнкі былі, іх настрой рэзка мяняўся. Мала таго, яны ўвесь час пілі піва.

 

"Рукі прышпілілі да ложка. Крычалі, што будуць гвалтаваць"

Патруль па рацыі выклікаў памежнікаў, тыя павезлі беларусаў на расійскую памежную заставу. Там мужа і жонку развялі па розных камерах.

Дапытвалі іх тыя самыя вайскоўцы, якія затрымалі пару. На Аляксандра маральна ціснулі. Але гэта нічога, адзначае суразмоўнік. Наталлі давялося нашмат горш.

Белорусы бежали в Украину из России: “братья” стреляли и угрожали изнасиловать
З Наталлі здзекаваліся гучна, каб чуў Аляксандр / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

— Адзін з іх крычаў, што мужа будуць біць гадзінамі, а я буду слухаць, — успамінае наша суразмоўніца. — І што будуць гвалтаваць мяне, а муж будзе слухаць. Ён патрабаваў, каб мы ўсё расказалі. Яны думалі, што мы наводчыкі нейкія.

Калі разбіралі нашы рэчы, мне сказалі раздзявацца для агляду. Я сказала: "Вы не маеце права, гэта павінна рабіць жанчына". На што адразу быў крык і пагрозы. Потым яны прынеслі бутэльку, з якой выпілі піва. Мае рукі прышпілілі да верхняга яруса ложка. Адзін казаў, што зараз прыйдуць усе і мяне па крузе пусцяць, і на бутэльку... Ён дакранаўся да маёй шыі і гэтак далей, непрыемна. На вуха, як маньяк, казаў, што будзе рабіць.

Яшчэ ў Наталлі спыталі, ці ёсць татуіроўкі. Сказалі, шукаюць свастыку, бо ва Украіну могуць ісці толькі нацысты. Спалоханая Наталля схлусіла, што татуіровак няма. Пры аглядзе гэта стала новай падставай для крыкаў і пагроз. Так працягвалася да раніцы.

 

"Мы тут NEXTA нагледзеліся"

Пагрозы разбаўляліся размовамі пра "ўкраінскіх нацыстаў". Вайскоўцы расказвалі, што "ўкранацыкі" ўжо расстралялі пару, якая спрабавала прайсці з Расіі ва Украіну, а іншую затрымалі і тыднямі гвалтавалі жонку.

Белорусы бежали в Украину из России: “братья” стреляли и угрожали изнасиловать
Беларусам расказвалі, што яны нічога не разумеюць, таму што нагледзеліся NEXTA / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

— Яны замбаваныя. Кажуць, што ў іх такой інфармацыі поўна, што ім відэа паказвалі, а мы тут NEXTA нагледзеліся, — кажа Аляксандр.

Пад раніцу вырашылі, што Наталля і Аляксандр усё ж не наводчыкі.

— Прыйшлі два памежнікі. Вельмі добразычліва далі напісаць паперу, што мы парушылі рэжым знаходжання ў памежнай зоне і ніякіх прэтэнзій да памежнікаў не маем.

Сужэнцам аддалі ўсе рэчы, акрамя сцізорыка. Потым надзелі мяшкі на галаву і павезлі з памежнай заставы. З іх узялі штраф — 2 тысячы расійскіх рублёў.

— Памежнікі нас прывезлі проста да нашай машыны. Мы некалькі дзён сноўдаліся, шукалі, куды паехаць. Цяпер усё яшчэ ў Расіі ў віру на калу.

Пара спадзяецца, што фонд BYSOL дапаможа з эвакуацыяй. Яны плануюць уз'яднацца з дачкой у Польшчы.

 

Аляксандру і Наталлі патрэбна падтрымка

Сям'я адкрыла збор на рэлакацыю і пражыванне на першы час. Падтрымаць Аляксандра і Наталлю можна тут. Фонд BYSOL верыфікаваў гэты збор, але сам вылучыць сродкі не можа.

— Персанальныя зборы створаны, каб людзі маглі самастойна збіраць сродкі на свае патрэбныя. Сёння ў нас няма сродкаў на пакрыццё тых патрэбаў, якія апісаны ў гэтым зборы, — каментуе Еўрарадыё кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі