BELPOL не задаволены вынікамі аўдыту фонду BYPOL
Уладзімір Жыгар
Аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL не задаволенае вынікамі аўдыту фонду BYPOL. Пра гэта прадстаўнік каманды Уладзімір Жыгар расказаў сайту "Зеркало".
Раскол у BYPOL адбыўся сёлета ўлетку. Частка каманды выступіла з абвінавачаннямі супраць кіраўніцтва і ўтварыла новую арганізацыю — BELPOL. Пасля гэтага было абвешчана, што ў BYPOL адбыдзецца незалежны аўдыт.
Сёння прадстаўнік BYPOL Станіслаў Лупаносаў расказаў пра паспяховае завяршэнне аўдыту і пра выплату заробкаў былым супрацоўнікам.
"Нас цікавіў не фінансавы, а грамадзянскі аўдыт. Было важна даведацца не тое, ці ёсць доказы выдаткавання тых ці іншых сродкаў, а ці ёсць абгрунтаванні мэтазгоднасці гэтых выдаткаванняў. Пераважная большасць нашых пытанняў датычылася 2023 года", — кажа Жыгар.
Тым часам аўдыт праводзіўся па выніках 2022 года.
Жыгар кажа, што ні кіраўніцтва BYPOL, ні чальцы Назіральнай рады арганізацыі не пыталіся ў BELPOL, якія пытанні мусіць развязаць аўдыт. Па яго словах, падчас трохбаковай сустрэчы была дасягнутая дамоўленасць, якія пытанні трэба закрыць, і ў якіх рамках будуць адбывацца дзеянні. "Але гэтага не адбылося, наш бок не ўдзельнічаў у правядзенні аўдыту", — канстатуе прадстаўнік BELPOL.
Таксама ён заяўляе, што запазычанасці па заробках выплацілі толькі двум супрацоўнікам: "Усе астатнія, як аказалася, увесь гэты час працавалі валанцёрамі. Толькі ім пра гэта ніхто не казаў". Юрыдычна рацыю мае BYPOL, бо названыя супрацоўнікі працавалі без заключаных дамоваў.
Жыгар кажа, што не быў выкананы ніводзін пункт з трохбаковых дамоўленасцяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.