Белы дом заявіў, што Расія датычная да ўтойвання хімічнай атакі ў Сірыі

Белы дом заявіў, што Расія датычная да ўтойвання хімічнай атакі ў Сірыі

Расійскія ўлады маюць дачыненне да ўтойвання наступстваў хімічнай атакі ў сірыйскай правінцыі Ідліб. Пра гэта гаворыцца ў рассакрэчаным дакладзе Белага дома, перадае Бі-Бі-Сі.

Паводле інфармацыі амерыканскай разведкі ды іншых крыніцаў, урадавая армія Сірыі скінула бомбы з нервова-паралітычным газам зарынам на сваіх суайчыннікаў.

Белы дом мяркуе, што Расія і Сірыя разам вялі кампанію па дэзінфармацыі, каб увесці ў зман міжнародную супольнасць. У дакладзе гаворыцца, што расійскія ўлады распаўсюджваюць "шматлікія, супярэчныя адна адной заявы, каб заблытаць сусветную супольнасць".

Пры гэтым амерыканскія чыноўнікі не адзначаюць, ці ведала Расія загадзя пра хімічную атаку ў правінцыі Ідліб.

Авіяналёт на пасёлак Хан Шэйхун у правінцыі Ідліб адбыўся на пачатку красавіка 2017 года. Пры налёце загінулі 90 чалавек, У многіх назіраліся сімптомы атручвання газам. Сірыя адмаўляе выкарыстанне хімічнай зброі.

У адказ 7 красавіка ЗША разбамбілі сірыйскую авіябазу "Шайрат". Менавіта з яе падымаліся самалёты, якія скінулі бомбы на Хан Шэйхун. 

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін 11 красавіка заявіў, што яму "нудна" слухаць абвінавачванні на адрас Расіі ды Сірыі ў сувязі з хімічнай атакай у Ідлібе. З гэтай нагоды ён працытаваў пісьменнікаў Ільфа і Пятрова: "Нудна, дзяўчынкі — гэта мы ўжо ўсё бачылі, назіралі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі