Білі мужа, каб падпісала прызнанне — родныя пра справу доктаркі Таццяны Талочка

Таццяна Талочка​ / prisoners.spring96.org
Таццяна Талочка​ / prisoners.spring96.org

Доктарку анестэзіёлага-рэаніматолага Дзіцячай гарадской бальніцы №2 Таццяну Талочка абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КК — у парушэнні грамадскага парадку і ў падробцы дакументаў. Пра гэта піша Deutsche Welle са спасылкай на родных доктаркі.

Талочка затрымалі 12 траўня. Затым 25 дзён яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна — без перадач, лістоў, у перапоўненых камерах з бамжамі. Сілавікі лічаць, што ў 2020 годзе Таццяна дапамагла выратавацца ад крымінальнага пераследу падлетку Цімуру Міцкевічу, кажуць родныя. Затрымлівалі і мужа Таццяны — яго білі, каб Таццяна гэта чула і падпісала патрэбныя сілавікам прызнання. 

"Мы не ведаем напэўна, але бачым гэта так: Таня ўваходзіла ў склад камісіі, якая прыняла рашэнне пра тое, што Міцкевіча нельга дапытваць, г.зн. яе подпіс тэарэтычна павінен быць пад гэтым рашэннем, як і подпісы іншых дактароў. Мабыць, сілавікі лічаць, што Таня магла даць Міцкевічу нейкія прэпараты ці іншымі дзеяннямі зрабіла так, што яго стан пагоршыўся, і медычная камісія прыняла рашэнне, што допыт праводзіць нельга", — расказваюць родныя.

Наколькі ім вядома, з усіх супрацоўнікаў бальніцы затрымалі толькі Талочка.

Цімура Міцкевіча падазравалі ў тым, што ён удзельнічаў у масавых беспарадках 10 жніўня 2020 года на вуліцы Прытыцкага і быў датычны да нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ. 12 жніўня яго прывезлі ў рэанімацыю дзіцячай бальніцы. Калі яму зрабілася крыху лепш, яго павезлі на допыт. Пасля чаго ён зноў апынуўся ў рэанімацыі, а потым знік з бальніцы. Пазней яму ўдалося выехаць з краіны. Цяпер 19-гадовы Міцкевіч ваюе на баку Украіны ў беларускім палку Кастуся Каліноўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі