Блогерку Вольгу Такарчук змясцілі ў карцэр
Вольга Такарчук / @viasnanazirae
Блогерку Вольгу Такарчук, затрыманую ў сярэдзіне траўня ў Мінску, змясцілі ў карцэр, паведамляе "Радыё Свабода" са спасылкай на бацькоў Вольгі.
Яны ў аўторак не змаглі пакінуць для яе перадачу ў жодзінскай турме.
"Сёння раніцай мы прывезлі Воле перадачу ў Жодзіна. Тое, што яна прасіла ў лісце: агуркі, памідоры, лук, салат, часнык, чорны хлеб. Перадачу ў нас не прынялі", — распавёў бацька Вольгі Андрэй Такарчук.
Бацькам паведамілі, што іх дачка — ў карцэры да 14 чэрвеня. Прычына — парушэнне правіл унутранага распарадку. Аднак, што менавіта Вольга парушыла, ім не патлумачылі.
Андрэй Такарчук — у мінулым супрацоўнік міліцыі. Паводле яго слоў, "само па сабе пазбаўленне волі —гэта шок. А карцэр — гэта шок удвая".
Вольгу Такарчук затрымалі 19 траўня. Праз некалькі дзён перавезлі з ізалятара на Акрэсьціна ў жодзінскую турму. Ёй ставяць у віну тры артыкулы КК: 391 (Абраза суддзі), 188 (Паклёп) і 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
У Вольгі двое непаўналетніх дзяцей — 3 і 7 гадоў. Яна вядзе блог, на які падпісаныя каля 37 тысяч чалавек. Раней яе ўжо затрымлівалі і штрафавалі ў рамках адміністрацыйных працэсаў. У адным са сваіх відэа, запісаных на выпадак арышту, яна казала, што не хоча хавацца або выязджаць за мяжу, але не можа і маўчаць.
"Калі кожны з нас замоўкне, будзе тое, што было год таму: кожны на кухні ціхенька ненавідзеў уладу, асуджаў яе, але сядзеў і нічога не рабіў. Жыць на каленях я не хачу", — казала тады Вольга Такарчук.
Праваабаронцы прызналі Вольгу палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.