"Бою на 10 хвілін": як жыве расійска-ўкраінскае памежжа ў чаканні вайны

Вёска Белаводы на мяжы Украіны і Расіі / Іван Чарнічкін / "Забарона"
Вёска Белаводы на мяжы Украіны і Расіі / Іван Чарнічкін / "Забарона"

Апошні месяц адносіны паміж Украінай і Расіяй на мяжы вялікай вайны. Медыя і заходняя выведка рэгулярна паведамляюць пра вялікую колькасць войскаў ля ўкраінскіх межаў. Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расіі, якая павінна была зняць напружанасць, не асабліва змяніла сітуацыю: цяпер Крэмль высунуў шэраг патрабаванняў да НАТА, сярод якіх выхад войскаў альянсу з Усходняй Еўропы. Публічных гарантый ненападу на Украіну Уладзімір Пуцін не дае.

Партнёры Еўрарадыё — выданне "Забарона" — з'ездзілі ў Сумскую вобласць, на мяжу з Расіяй, каб зразумець, як жывуць жыхары прымежнага рэгіёна ў чаканні вайны.

Маршруткі на Польшчу і Сумскі бабскі батальён

Уздоўж дарог у Сумской вобласці раз-пораз сустракаюцца пастаменты з танкамі — гэта помнікі Другой сусветнай вайне. Але сапраўдная вайсковая тэхніка працягвае рухацца з другога боку мяжы, а ўкраінскія памежнікі тым часам будуюць супрацьтанкавыя равы. Сярод усіх украінскіх абласцей Сумская мае самую доўгую мяжу з РФ — каля 600 кіламетраў, сто з якіх праходзіць праз рэкі і балоты. Як кажуць мясцовыя, ад Сум да мяжы "кіламетраў трыццаць", ці "рукой падаць". Адзін з гарадскіх праспектаў нават называецца Курскім — і вядзе ён якраз у бок Расіі.

У самім горадзе амаль нічога не намякае на магчымасць вайны: гарыць агнямі навагодняя ялінка ў цэнтры, горад выходзіць з "чырвонай зоны" каранціну, нядаўна запушчаны цягнік "Слабажанскі экспрэс", які злучыць Сумшчыну з Луганскай і Харкаўскай абласцямі. "Вярбуе Расія?" — грозна пытае білборд з выявай расійскага пашпарта. На аўтавакзале стаяць дзясяткі маршрутак Сумы — Познань і Сумы — Катавіцы.

"Боя на 10 минут": как живет российско-украинское пограничье в ожидании войны
Помнік Другой сусветнай вайне ў Сумах / Іван Чарнічкін / "Забарона"

Пра магчымасць уварвання Расіі ўголас кажуць валанцёркі "СББ-Тыл", якія восьмы год дапамагаюць войску. СББ — гэта абрэвіятура ад "Сумскога бабскага батальёна". За гады працы яны пашылі для ўкраінскіх вайскоўцаў не менш за пяць тысяч трусоў і 600 цёплых камізэлек — у іх "офісе" мноства грамат з падзякамі ад розных падраздзяленняў.

"Офіс" — гэта памяшканне былога "Клуба юнага тэхніка". Там даволі холадна і расцягнута сетка, якая стане маскіровачнай. Валанцёры працуюць тут да і пасля асноўнай занятасці. "Паміж валанцёрствам даводзіцца працаваць", — жартуюць яны. На сценах вісяць узоры вырабаў і патрыятычная сімволіка. У суседнім пакоі бясконца працуе швейная машынка.

"Ніхто з маіх блізкіх не думае, што вайна можа быць, — кажа Валянціна, адна з валанцёрак. — А мне дзявацца няма куды: мы каля аэрапорта жывём, у нас тры сабакі. Калі раней яшчэ думала неяк дачку ўладкаваць не ў СумАх [націск мясцовыя робяць на другі склад] — дык не, вярнулася".

Некалькі валанцёрак паралельна працуюць ва ўласным атэлье, але самі кажуць, што шмат грошай там не заробіш.

"Мне муж кажа: "Кідай сваё валанцёрства", — расказвае адна з іх.

"Але неяк жа дамаўляецеся?" — пытаецца "Забарона".

"Дамаўляемся, але ён сам вайсковец, — адказвае яна. — Ён лічыць, што заробку хапае і хлопцы могуць самі ўсё купіць. А потым пакладу ў пасылку для яго цёплую камізэльку — дык яму прыемна".

"Боя на 10 минут": как живет российско-украинское пограничье в ожидании войны
Валанцёркі "СББ-Тыл" / Іван Чарнічкін / "Забарона"

Валанцёркі могуць доўга расказваць пра нізкую якасць адзення, якое выдаюць вайскоўцам.

"Вы б бачылі іх летнія шкарпэткі. Яны махровыя з начосам. Ведаеце, чым у іх летнія шкарпэткі адрозніваюцца ад зімовых? На адных напісана "зімовыя", а на другіх — "летнія", — абураюцца яны.

У размовах праскоквае, што "людзі стаміліся ад вайны" — гэта вымаўляецца з прыкметнай іроніяй.

"Такі расслабон ні да чога добрага не прывядзе, — гаворыць адкрыта адзін з мясцовых валанцёраў, які просіць не называць яго імя. — Ніхто не ведае, дзе якія бамбасховішчы і ці ёсць яны наогул. Вось у мяне сябры ў Ізраілі — яны ведаюць, што за 45 секундаў у выпадку чаго трэба спускацца ў сутарэнне. А ў нас што? Як іх разварушыць — хрэн яго ведае! Дзяржава не выконвае сваёй функцыі".

"Калі што, будзем сядзець у хаце. Куды ж хавацца?"

Пасярод хола сельскага клуба стаіць більярдны стол. Над ім — карціна з трыма сацрэалістычнымі калгасніцамі. Клуб, які цяпер служыць і бібліятэкай, і фельчарскім пунктам, — адзін з нямногіх дзейных аб'ектаў у вёсцы Белаводы Сумскога раёна. За апошнія гады тут закрылі школу, дзіцячы сад, лякарню і пошту. Пра ўсё гэта ў сяле ўспамінаюць з сумам. Пры гэтым на пытанне пра тое, як ім жывецца ля мяжы, амаль усе жыхары адказваюць коратка: "Нармальна".

"Боя на 10 минут": как живет российско-украинское пограничье в ожидании войны
Клуб у Белаводах / Іван Чарнічкін / "Забарона"

Пажылая пара Аляксандр і Таццяна ідуць ад машыны з хлебам, якая прыязджае ў вёску два разы на тыдзень. Яны вярнуліся жыць на пенсію ў месцы, дзе нарадзіліся, пакінуўшы дзецям кватэру ў Сумах. З забаў зімой толькі тэлевізар, але ў тое, што там кажуць, яны не вераць.

"Ды нам усё роўна, што там па тэлевізары расказваюць. Мы спадзяёмся на лепшае, — адказвае Аляксандр Міхайлавіч на пытанні пра магчымую вайну. — Калі што, будзем сядзець у хаце. Куды ж хавацца? Калі будуць бамбіць, мы ж не ведаем, куды ўпадзе".

Ад Белавод дастаткова прайсці два невялікіх сялы — і будзе расійская мяжа. Там, у Расіі, у пары раней былі сваякі, але цяпер іх ужо няма ў жывых. Амаль у кожнага жыхара Белавод і суседняга сяла Жураўкі хтосьці жыве "па той бок". У кагосьці жонка з Расіі, а ў кагосьці там засталіся брат або сястра.

"Калі быў пацаном, дык ездзіў туды на ровары, але тады ж пры Саюзе мірна было, — успамінае Аляксандр. — А цяпер, вядома, ніхто нікуды не ездзіць. Цяпер ні на могілкі не паедзеш — нікуды".

Адно з месцаў, дзе ў вёсцы застаецца намёк на актыўнасць, — бібліятэка ў клубе. Ёю ўжо амаль сорак гадоў загадвае Галіна. Праз сценку ад яе — загадчыца клуба Ганна, былая настаўніца. У кабінетах зроблены рамонт — па словах работніц клуба, гэта заслуга былога кіраўніка вёскі. Ён пакінуў пасаду, калі вёскі сталі аб'ядноўваць у тэрытарыяльныя грамады.

На паліцах бібліятэкі стаяць у асноўным савецкія пераклады класікі і трохі новых украінскіх кніг. Бібліятэкарка кажа, што попытам карыстаецца перыёдыка. Яна ляжыць на асобным століку — ярчэй за ўсё выглядае часопіс "Тайны звезд". "Выпісваем тое, што чытаюць", — кажа Галіна.

"Боя на 10 минут": как живет российско-украинское пограничье в ожидании войны
Галіна, загадчыца бібліятэкі / Іван Чарнічкін / "Забарона"

"Нас расіяне не бачаць, і мы іх не бачым"

Цяпер клуб рыхтуецца адзначаць Новы год — будзе святочная праграма на вуліцы ў дзень, калі ў сяло прыязджае "базар".

І цяпер, і ў 2014 годзе, па словах жанчын, у вёсцы жывуць мірна. Хіба што цяпер часцей сталі ездзіць украінскія памежнікі. "Жывём ціха, нас расіяне не бачаць, і мы іх не бачым".

"У мяне зяць восем гадоў ужо ў АТА [зона ААС], — кажа Галіна. — Быў на першай лініі, цяпер на другой. І сын служыў. Цяпер з вёскі нікога на вайне няма. Быў адзін хлопец, якога моцна параніла, але, дзякуй богу, ніхто не загінуў".

Ніхто з жыхароў Белавод і навакольных сёл не гаворыць пра мяжу як пра нейкую праблему. Больш эмоцый выклікае цана на газ. Сяло газіфікавалі каля дзесяці гадоў таму, і газ абыходзіцца жыхарам вельмі дорага. Суседнія вёскі Старая і Новая Жураўка выглядаюць нават больш выгадна на фоне Белавод, бо там газу няма. Ацяпляюць па старынцы — дровамі, а вось вугаль цяпер, кажуць, дастаць складана.

"Вы не забывайце, што тут людзі і Расію глядзяць — не толькі ўкраінскае, — кажа мужчына, які пілуе бензапілой дровы каля мясцовага храма. — Мы ў палітыку не лезем, а што людзей падзялілі — гэта дрэнна. Мы стараемся жыць мірна і з рускімі, і з украінцамі".

Мужчына назваўся Уладзімірам. Ён працягвае, закрануўшы тэму перамяшчэння расійскіх войскаў: "Яны на сваёй тэрыторыі, — кажа ён. — А НАТА сюды ўступае — гэта не агрэсія? Караблі плывуць. Навошта забаранілі расійскія каналы?"

"Боя на 10 минут": как живет российско-украинское пограничье в ожидании войны
Уладзімір, які глядзіць расійскія каналы ва Украіне / Іван Чарнічкін / "Забарона"

"Мы толькі чакаем, калі зноў пойдзем адно да аднаго ў госці"

Пасля некалькіх каментароў пра міжнародную палітыку Уладзімір пераключаецца на мясцовыя праблемы.

"Вось школа, вось лякарня дарэвалюцыйная, — паказвае ён рукой на пусты будынак. — Усё раней працавала. Змаглі адстаяць толькі клуб, а так ніякай падтрымкі вёскі мы не адчуваем. І як вы хочаце, каб мы ставіліся да нашай улады? Але ўлады не ад бога не бывае — цярпім, працуем. Нам мяжа не перашкаджае, мы не адчуваем ніякага варожага стаўлення. Мы толькі чакаем, калі зноў пойдзем адно да аднаго ў госці".

Стабільна і кантралявана

"Сітуацыя на ўкраінска-расійскім участку мяжы ў Сумской вобласці застаецца стабільнай і кантраляванай, — пераконвае начальнік прэс-службы Сумскога памежнага атрада Раман Ткач. — У полі зроку памежнікаў, непасрэдна на мяжы, мы не адзначалі ніякага руху расійскіх войскаў. Што адбываецца глыбей, у тыле, — гэта пытанне да іншых дзяржаўных органаў, якія збіраюць такую інфармацыю".

Ткач расказвае, што ў 2015 годзе пастановай урада Украіны было закрыта дзевяць з адзінаццаці мясцовых пунктаў пропуску праз мяжу. А ў сакавіку 2020-га праз пандэмію каранавіруса закрылі наогул усе памежныя пункты акрамя двух: Юнакоўкі і Бачэўска. У выніку ў сёлах, дзе Расію з Украінай можа падзяляць адна вуліца, цяпер трэба рабіць крук у дзясяткі кіламетраў да найбліжэйшага пункта пераходу.

Гэтаксама спакойны і маёр Канстанцін Сыпчанка, камандзір асобнага батальёна тэрытарыяльнай абароны горада Сумы.

"Сумская вобласць не ўяўляе стратэгічнага значэння. Перш за ўсё яна вельмі праблематычная праз геаграфію мясцовасці — рэкі, балоты — і вельмі нязручная для наступу, — па-вайсковаму коратка кажа ён. — Цяпер пра агрэсію размоў няма, але мы рыхтуемся. Хочаш міру — рыхтуйся да вайны".

"Боя на 10 минут": как живет российско-украинское пограничье в ожидании войны
Памежная зона / Іван Чарнічкін / "Забарона"

"Тут бою на дзесяць хвілін"

Двое ўкраінскіх памежнікаў садзяцца на задняе сядзенне аўтамабіля. Ім холадна: тэмпература на вуліцы апусцілася ўжо да мінус пятнаццаці. Просяць падвезці.

"Ідзём з мяжы, — кажуць яны, спрабуючы сагрэць рукі. — Кіламетраў дваццаць пяць ужо пешшу ідзём. Расіяне ездзяць на квадрацыклах, а мы пешшу ходзім..."

"Тут бою на дзесяць хвілін, — адказвае адзін з іх на пытанне пра магчымасць расійскага наступу. — Калі б Пуцін хацеў, то даўно ўжо захапіў бы".

"Кіну ўсё і звольнюся", — не вытрымлівае памежнік.

"І што будзеш рабіць? — пытаецца другі. — У Польшчу паедзеш?"
"Дык у Польшчы хоць за грошы,
— са смехам адказвае першы. — А тут што?"

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі