Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу незалежнага журналіста

17 траўня маладога чалавека затрымалі ў Брэсце людзі ў цывільным. Яны заявілі, быццам ён падобны да нейкага злачынца. Для высвятлення асобы журналіста прывезлі ў Ленінскі РУУС. Ужо адтуль ён паведаміў праваабаронцам, што на яго складаюць адміністрацыйны пратакол за "лаянку матам у грамадскім месцы". 19 траўня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў Скрабца вінаватым і прысудзіў да адміністрацыйнага арышту.



На волю Яўген Скрабец выйшаў 27 траўня. Ужо падчас адбыцця пакарання ён накіраваў заяву ў абласны суд. Хлопец патрабаваў перагляду справы, бо сваё затрыманне лічыць "прэвентыўным", а паказанні сведкаў — ілжывымі.



29 траўня суддзя абласнога суда пастанавіла, што "істотных супярэчанняў у справе няма", таму рашэнне папярэдняй інстанцыі застаецца без зменаў.



Сітуацыю для Еўрарадыё пракаментаваў праваабаронца Раман Кісляк.



Кісляк: "На жаль, на суды аказваюць ціск, каб не праводзіць належным чынам расследаванне і разбіральніцтва абставінаў. У судзе Ленінскага раёну Брэста не былі даследаваныя самі словы, іх змест, ці былі яны нецэнзурнымі... Усё гэта паказвае, што суд у нас не з'яўляецца незалежным. Довады ў абласным судзе пра тое, што гэтыя пытанні не даследаваныя, таксама ні да чога не прывялі".



Рашэнне абласнога суда Скрабец будзе абскарджваць у Вярхоўным судзе. Таксама ён будзе намагацца прыцягнуць да адказнасці за ілжэсведчанні трох чалавек, якія агаварылі журналіста на судзе. Два з іх — супрацоўнікі АМАПу, якія былі сведкамі, а трэці — пацярпелы, якога Скрабец нібыта абразіў на вуліцы. Са словаў журналіста, апошняга ён упершыню пабачыў толькі ў зале суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі