Брэсцкі блогер выпадкова даведаўся, што супраць яго вядзецца крымінальная справа
Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу за абразу супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Сам фігурант справы даведаўся пра гэта выпадкова.
“Ніякай праверкі па факце абразы следчыя не праводзілі. Ну, ці мне пра гэта нічога не вядома. І пра тое, што супраць мяне распачатая крымінальная справа, я ўвогуле даведаўся выпадкова, ― распавядае Еўрарадыё Сяргей Пятрухін. ― Майму былому працадаўцы прыйшла папера, каб ён напісаў мне характарыстыку. І ў той паперы было напісана, што распачатая крымінальная справа, нумар такі”.
Па словах Пятрухіна, каля тыдня таму яму тэлефанаваў следчы і запрашаў на размову, але з якой нагоды і ў якасці каго, тлумачыць адмовіўся.
Сяргей Пятрухін: “Я кажу: калі так вы мне адказваеце, дык, калі ласка, дашліце мне позву. Позву ён мне даслаў, але мяне дома некалькі дзён не было, і атрымаў я яе позна: мяне выклікалі на 23 ліпеня, а атрымаў я тую позву толькі 24 ліпеня. Адпаведна, нікуды я не пайшоў”.
Каго ён абразіў, Сяргей Пятрухін пакуль можа толькі здагадвацца.
“У мяне забралі апаратуру 12 траўня. Не так даўно даслалі мне паперу, што працягнулі яе праверку. А цяпер гэтую справу распачалі. Можа яны што ў камп’ютары знайшлі? Я не ведаю”, ― кажа блогер.
Па словах Пятрухіна, шэраг яго відэа былі паказаныя ў праграмах тэлеканала “Белсат”, і якраз гэта магло таксама стаць нагодай для яго пераследу. Асабліва калі прыгадаць, што у цяперашні час праваахоўныя органы праводзяць праверку ў межах Крымінальнага кодэксу ў дачыненне гродзенскіх фрылансераў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса, якія супрацоўнічаюць з “Белсатам”.