Брытанскія эксперты: Украіну абстрэльвалі з тэрыторыі Расіі

Ваенныя эксперты аўтарытэтнага брытанскага рэсурсу Bellingcat investigative journalism group, апублікавалі доказы ўдзелу Расіі ў канфлікце ва Украіне.

У справаздачы дэманструецца, што ў ліпені 2014 года “ўкраінскія ўзброеныя сілы перайшлі ў наступ супраць прарасійскіх сепаратыстаў на ўсходзе Украіны”, аднавіўшы кантроль над вялікім участкам расійска-ўкраінскай мяжы. Сітуацыя рэзка змянілася 11 ліпеня, калі “ў выніку нечаканых масіраваных артылерыйскіх нападаў на ваенныя часткі ў раёне Зяленаполля было забіта 30 і паранена больш за сто вайскоўцаў”.

Даследчыкі прааналізавалі 1353 артылерыйскія варонкі на ўсходзе Украіны, што зафіксаваныя на спадарожнікавых здымках, зробленых у перыяд з 17 ліпеня па 31 жніўня 2014-га.

Эксперты выявілі два тыпу варонак - ад насцільнага і навяснога агню, якія дазваляюць даволі дакладна вызначыць траекторыю артылерыйскага ўдару. Як адзначаецца ў справаздачы, паводле траекторыяў было выяўлена, што амаль усе агнявыя пазіцыі знаходзіліся на тэрыторыі Расіі. Пры гэтым “ля сямі агнявых пазіцыяў бачныя сляды машын, паводле якіх ясна бачна, што яны пачынаюцца на расійскай тэрыторыі і далей вядуць на яе ж”.

Справаздача суправаджаецца вялікай колькасцю схем, фота і відэаматэрыялаў, якія дазваляюць прааналізаваць высновы брытанскіх даследчыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі