“Будаўніцтва аграгарадкоў нагадвае рэанімацыю здохлага каня”
Самы нізкі сярэдні заробак ў Ганцавічах па гаспадарцы сёлета склаў 480 тысяч рублёў. Каментуе сітуацыю рэдактар газеты “Ганцавіцкі час” Пятро Гузаеўскі.
Еўрарадыё: Скажыце, чаму такія нізкія заробкі ў Ганцавічах? Гэта нейкае заклятае месца?
Пятро Гузаеўскі: Не, месца цудоўнае. І людзі цудоўныя. Апошнія гады эканамічная сітуацыя Ганцавіцкага раёну склалася так, што нейкі час быў страчаны, а шматлікія кваліфікаваныя кадры, не толькі спецыялісты, якія мелі адміністрацыйныя функцыі, але і трактарысты, камбайнеры, даяркі з’ехалі з раёна. Асабліва гэта тычыцца і СВК “Агра-Нач”. Яна мяжуе з Минскай вобласцю Клецкім раёнам, таму частка людзей з’ехала, як кажуць, “за рэчку”. Бо там заробкі большыя. Быў калгас “Праўда” – адзін з наймацнейшых у раёне, а зараз там кіраўнік змяніўся, ніякіх перспектыў няма. Нават электрычнасць адключаная і бухгалтары працуюць на хатніх ПК. Дзяржава ўкладае міл’ярды рублёў у гэтыя калгасы...
Еўрарадыё: Куды яны дзяваюцца?
Пятро Гузаеўскі: Па-першае, гэта кадравыя праблемы спецыялістаў і кіраўнікоў, якія не валодаюць дастатковымі мэнэджараскімі функцыямі, каб на добрым узроўні кіраваць гаспадаркай. Па-другое, гэта сярэдні заробак. Мы не ўзгадваем пра заробкі паляводаў, якія, можа, маюць па 200 тысяч у месяц.
Еўрарадыё: Работнікі механічных майстэрняў у “Арга-Нач” атрымліваюць 111 тысяч рублёў у сярэднім.
Пятро Гузаеўскі: Гэта афіцыйныя звесткі. Іх падавалі самі калгасы. Гэта статыстыка. Яна можа быць налічанай. Магчыма, людзі атрымоўваюць яшчэ менш. Ідзе парушэнне заканадаўства.
Еўрарадыё: Як выжываюць людзі?
Пятро Гузаеўскі: Трымаюць дома парасят, курэй ды кароў. На гэтым выжываюць. Апошнія гады ў вёсках робіцца жудасна ды жахліва – большая частка насельніцтва там спілася. Адраджэнне, скажам, пабудова аграгарадкоў, пачалося занадта позна. Добрая справа, але нагадвае рэанімацыю здохлага каня.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што яны там п’юць ды лайдачаць. Можа, мала працуюць і з-за гэтага мала зарабляюць?
Пятро Гузаеўскі: Згодны. Частка людзей проста развучылася працаваць. Раней працавалі ад цямна да цямна. З іншага боку, хоць ты працуй 25 гадзін у суткі – ты ўсе роўна за гэта не атрымаеш. Калі адзін пачне атрымліваць крыху больш за іншых – яго абрэжуць эканамічна. Замкнёнае кола. Людзі, якія хочуць працаваць, ім не будуць даваць працаваць, а лайдакі будуць патрабаваць ды рабіць працоўны выгляд. Старшыні калгаса і новым спецыялістам, якіх у ссылку накіравалі – ім таксама цяжка. Як ім быць?
Фота — bymedia.net