“Будрэканструкцыя”: Нічога страшнага з домам па вуліцы Шырокай не здарыцца

“Будрэканструкцыя”: Нічога страшнага з домам па вуліцы Шырокай не здарыцца

Спецыялісты працягнуць кантраляваць нясучыя канструкцыі дома па вуліцы Шырокай, 3 у Мінску. Пра гэта паведаміў БЕЛТА вядучы спецыяліст навукова-вытворчага прадпрыемства “Будрэканструкцыя” Валерый Пастушкоў.

4 траўня з жыхарамі гэтага дома сустрэліся прадстаўнікі адміністрацыі Савецкага раёна, абследавальнай і праектнай арганізацыяў, УКБ, ЖКГ і ЖЭУ №1 Савецкага раёна, а таксама спецыялісты ў будаўнічай сферы. На сустрэчы абмеркавалі праблему дэфармацыі маналітных нясучых калонаў, у якіх нядаўна выявіліся расколіны.

Прадстаўнік “Будрэканструкцыі” кажа, што былі праведзеныя даследаванні будынка і на іх падставе можна зрабіць выснову, што “нічога страшнага з іх домам не адбудзецца”.

Будаўнікі прапанавалі да канца года назіраць за станам будынка. Ужо ўсталяванае пэўнае абсталяванне, праведзенае лазернае сканаванне, будзе таксама геадэзічны маніторынг. Для стабілізацыі дэфармацыяў спецыялісты будуць увесь час кантраляваць нясучыя канструкцыі.

26 красавіка ў доме праводзіліся працы па ўзмацненні маналітнай калоны другога пад’езда. На час рамонтных працаў жыхароў дома эвакуявалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі