"Буду верны сабе": чаму Уладзімір Мацкевіч не пакінуў Беларусь перад затрыманнем

Ізалятар у Беларусі / Еўрарадыё
Ізалятар у Беларусі / Еўрарадыё

Пакідаць Беларусь нават пры відавочнай пагрозе затрымання супярэчыла прынцыпам Уладзіміра Мацкевіча. На тое, каб застацца, філосаф пайшоў свядома, расказала ў эфіры Еўрарадыё ягоная жонка Святлана:

"Пазіцыя Уладзіміра, у адрозненне ад многіх, хто цяпер уключаны ў барацьбу, прынцыпова адрозніваецца. Яна заключаецца ў тым, што ён філосаф і метадолаг у першую чаргу: ён прэзентуе сваё мысленне па філасофіі. Гэтая праца пачыналася ім у пачатку 90-х. І яго гульня па прынцыповай змене фармацый ад савецкага ладу жыцця была запушчана. І ўжо ў 94 годзе для яго пачалася барацьба са злом, якое для нас цяпер стала відавочным".

Але як цяпер яго барацьбе дапамагае знаходжанне за кратамі?

"Каб дакладна выконваць сваю філасофскую задачу, трэба знаходзіцца ў краіне. І Уладзімір гэта выдатна разумеў. Цяпер, калі ён, як мне здаецца, мэтанакіравана пайшоў на гэты крок пасадкі, то ён фактычна дэкларуе нам: калі вы не хочаце прыслухоўвацца да мяне, то мне нічога не застаецца рабіць, як сысці, але я застануся ў краіне — буду верны сабе. І гэта такі ход дзеяннем і выклік усім інтэлектуалам, якія разумеюць, што адбываецца і як ажыццяўляецца барацьба ў Беларусі", — адказвае Святлана.

Ідэі Мацкевіча доўгі час не прымалі, іх пастаянна высмейвалі. Ці прымуць іх цяпер, пасля фактычна самастойнага рашэння сесці?

"Прымуць яго ідэі, але не адразу. Як гэта ўсё пачынаецца: не павінны ўсе прымаць, але павінна быць нейкая крытычная маса людзей, ядро, якая прыме на сябе місію нясення сэнсаў. І неабавязкова, каб у глыбіню гэтых сэнсаў унікалі ўсе грамадзяне Беларусі. Важна, каб гэты сэнс потым перайшоў у нейкі меседж, які павінен быць зразумелы ўсім. Па-мойму, цяпер вось гэты вось момант надыходзіць", — лічыць Святлана.

Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца за кратамі на Акрэсціна з 4 жніўня, прызнаны палітвязнем.

Філосафа падазраюць у "арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушылі грамадскі парадак" (арт. 342 КК). Па гэтым артыкуле яму пагражае да 4 гадоў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі