Бухгалтара казахскай амбасады ў Беларусі затрымалі за карупцыю
Нацыянальнае бюро па супрацьдзеянні карупцыі Казахстана затрымала старшага бухгалтара амбасады Казахстана ў Беларусі, паведамляе Tengrinews.kz.
Па звестках казахскіх праваахоўнікаў, бухгалтар Сейдуаліеў з 2012 па 2015 год скраў 207 000 долараў з бюджэтных сродкаў. Гэтыя грошы адпускаліся на ўзвядзенне новага будынка амбасады ў Мінску. Бухгалтар складаў фіктыўныя расходныя касавыя ордэры пра нібыта зробленую аплату генпадрадчыку будаўніцтва амбасады ТАА "Актыўбізнэсплюс".
Будынак казахскай амбасады знаходзіцца на праспекце Пераможцаў — недалёка ад рэзідэнцыі беларускага кіраўніка і гандлёвага цэнтра "Замак".
Таксама казахскія праваахоўнікі лічаць, што набыткам бухгалтара сталі амаль 475 тысяч долараў, якія ў амбасаду перадалі падаткавікі Беларусі ў якасці вяртання ПДВ. Такім чынам, агулам Сейдуаліеў прысабечыў больш за 680 тысяч долараў.
Бухгалтара амбасады ўзялі пад варту і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Астане. Дасудовае расследаванне працягваецца.