Букераўскую прэмію атрымаў амерыканец Джордж Сондэрс

Джордж Сондэрс. Фота: The New Yorker
Джордж Сондэрс. Фота: The New Yorker

Амерыканскі пісьменнік Джордж Сондэрс названы лаўрэатам Букераўскай прэміі 2017 года. Перамогу яму прынёс раман "Лінкальн у барда" (Lincoln in the Bardo), які выйшаў у лютым гэтага года і адразу ж стаў бестсэлерам.

Да "Лінкальна ў барда" Сондэрс быў вядомы як аўтар апавяданняў. У сваім першым буйным рамане ён апісвае адну ноч з жыцця прэзідэнта ЗША Аўраама Лінкальна пасля смерці яго 11-гадовага сына. Кніга заснавана на рэальным эпізодзе з біяграфіі прэзідэнта.

Барда — паняцце з будызму, прамежкавы стан паміж жыццём і смерцю, або ў шырокім сэнсе — любы прамежкавы стан, літаральна "паміж двума".

Букераўская прэмія складае 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Акрамя таго, фіналісты прэміі атрымліваюць чэк на 2,5 тысячы фунтаў і падарункавае выданне кнігі ручной працы. "Букера" ўручаюць з 1969 года, але да 2014 года яго лаўрэатамі маглі стаць толькі грамадзяне Вялікабрытаніі, Ірландыі і краінаў Брытанскай садружнасці.

З 2014 года стаць лаўрэатам прэміі можа пісьменнік любой краіны, але пры ўмове, што раман напісаны на англійскай мове і апублікаваны афіцыйным выдаўцом ў Вялікабрытаніі ў год прысуджэння прэміі. У розныя гады фіналістамі прэміі станавіліся Айрыс Мёрдак, Салман Рушдзі, сёлетні набеліят Кадзуа Ісігура, Уільям Голдынг, Маргарэт Этвуд.

У 2016 годзе Букераўскую прэмію атрымаў амерыканскі пісьменнік Пол Біці з раманам "Распродаж".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі