Бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы хочуць распаўсюдзіць на Брэст

Бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы хочуць распаўсюдзіць на Брэст

Бязвізавы рэжым для замежных турыстаў плануецца распаўсюдзіць з Белавежскай пушчы на Брэст. Пра гэта на пасяджэнні аблвыканкама паведаміў яго старшыня Анатоль Ліс.

Па словах Ліса, Брэстчына мала выкарыстоўвае турыстычны патэнцыял, таму і з'явілася такая прапанова. Кіраўнік Брэстчыны пазайздросціў таму, што Гродна атрымала статус бязвізавай зоны для замежнікаў. "Чамусьці Аўгустоўскі канал і Гродна змаглі аб'яднаць бязвізавай зонай, а мы не можам. Вось рэзервы. Трэба сёння паставіць задачу і вызначыць, што неабходна зрабіць у гэтым годзе", — цытуе БЕЛТА яго словы.

Памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў на пасяджэнні таксама звярнуў увагу на тое, што на Брэстчыне назіраецца спад у турыстычнай галіне. У 2016 годзе ў вобласці не быў выкананы паказчык па тэмпах росту турыстычных паслуг.

Асноўная доля экспарту турпаслуг прыпадае на чатыры адміністрацыйныя тэрыторыі: Брэст, Брэсцкі, Камянецкі і Пружанскі раёны. А, напрыклад, у Драгічынскім і Маларыцкім раёнах летась замежных турыстаў зусім не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі