Былому гендырэктару "Барысаўдрэва" скарэктавалі абвінавачанне

Дзяржаўна абвінаваўца скарэктаваў абвінавачанне экс-гендырэктару "Барысаўдрэва" Уладзіміру Мальцаву. 8 снежня на паседжанні ў судзе Мінскай вобласці стала вядома, што з абвінавачання знікла фармулёўка "паразітаванне службовых паўнамоцтваў", інфармуе "Комсомольская правда в Беларуси".

БЕЛТА паведамляе, што пракурор заявіў: Мальцаў, будучы гендырэктарам "Барысаўдрэва", праз асабістую зацікаўленасць пры выбары пастаўшчыка абсталявання лабіяваў інтарэсы турэцкай кампаніі. Калі яна, парушыўшы кантракт, пачала зацягваць тэрміны пастаўкі абсталявання, Уладзімір Мальцаў не зрабіў крокаў у адказ. "Спрабуючы схаваць сваю некампетэнтнасць, кар'ерызм і парушэнне заканадаўства, ён падпісаў з кампаніяй дамову пра перанос тэрмінаў пастаўкі", — дадаў дзяржабвінаваўца.

Па словах пракурора, былы гендырэктар не прыняў мераў па своечасовым набыцці абсталявання для вытворчасці запалак. Гэтыя і іншыя дзеянні нанеслі прадпрыемству страты ў асабліва буйным памеры (17 млрд рублёў).

Да 11 снежня Уладзімір Мальцаў будзе знаёміцца з новым абвінавачаннем, пасля чаго пачнецца яго допыт у судзе.

Нагадаем, Уладзіміра Мальцава пачалі судзіць у верасні 2014-га. Яго падазраюць ва ўчыненні шкоды прадпрыемству ў вялікім памеры і ў зрыве дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі. Мальцаў гэтага не прызнае.

Як паведамляла Еўрарадыё, усё пачалося 8 лістапада 2013 года, калі Аляксандр Лукашэнка наведваў прадпрыемства і быў абураны сарванымі тэмпамі мадэрнізацыі. Пачалося расследаванне. Уладзімір Мальцаў быў узяты пад варту ў сакавіку сёлета.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі