Былы беларускі палітвязень Парфянкоў ваюе на Данбасе ў батальёне АУН
Ён выйшаў на волю з турмы і разам з сям'ёй з'ехаў з Беларусі.
Былы беларускі палітвязень Васіль Парфянкоў ваюе на Данбасе ў складзе добраахвотнага батальёна Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Ён мае пазыўны "Сябра", паведамляе "Наша ніва". Раней пра гэтага беларуса былі згадкі ў сюжэтах украінскіх журналістаў, але не было вядома, што гэта Парфянкоў (гл. відэа).
"Наша ніва" паразмаўляла з Васілём Парфянковым. Ён распавёў, што ў пачатку снежня мінулага года, адразу пасля выхаду з горацкай турмы, разам з жонкай і сынам з'ехаў ва Украіну.
"Беларусы былі заўсёды блізкія з Украінай, — кажа Парфянкоў. — Гэта наш брацкі народ, таму я і вырашыў паехаць сюды. Стараюся дапамагаць, чым магу. Я праходжу службу ў батальёне АУН, у Песках пад Данецкам. Адбыў першую ратацыю — ад 14 студзеня да 14 лютага. На днях паеду назад".
Беларус расказвае, што да адпраўкі на фронт прайшоў двухтыднёвую падрыхтоўку. Ён прызнаецца, што яшчэ раней ён бываў ва Украіне на трэніроўках УНА-УНСО, нават уступіў у гэтую арганізацыю. "Я — радавы баец. Стралок. У мяне аўтамат", — кажа Васіль Парфянкоў.
Паводле яго слоў, у батальёне АУН ён адзіны беларус. У іншых украінскіх добраахвотніцкіх батальёнах беларусаў больш.
Парфянкоў не збіраецца вяртацца ў Беларусь, пакуль у краіне не адбудуцца змены. У той жа час ён пакуль не спрабуе мяняць грамадзянства, але разам з сям'ёй падаў дакументы на атрыманне віда на жыхарства ва Украіне.
Нагадаем, Васілю Парфянкову 31 год. За актыўны ўдзел у Плошчы снежня 2010-га яго асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі. У жніўні 2011-га Парфянкоў быў памілаваны. У пазнейшы час з-за парушэнняў прэвентыўнага нагляду (адсутнічаў па месцы жыхарства без уважлівай прычыны) ён зноў трапляў за краты.