Цапкала папрасіў кіраўнікоў 32 краін падтрымаць свабодныя і сумленныя выбары

Цапкала папрасіў кіраўнікоў 32 краін падтрымаць свабодныя і сумленныя выбары

Незарэгістраваны прэтэндэнт у прэзідэнты Валерый Цапкала звярнуўся з адкрытым лістом да прэзідэнтаў і прэм'ер-міністраў 32 краін. У спісе яго адрасатаў ёсць кіраўнікі ЗША, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі ды Украіны. А вось прэзідэнт Расіі там не значыцца, перадае "Дождь".

У сваім звароце Цапкала звяртае ўвагу, што Беларуссю ўжо 26 гадоў кіруе адзін чалавек, які стварыў аўтарытарны рэжым. Па словах палітыка, улады Беларусі актыўна перашкаджаюць правядзенню сумленных і свабодных выбараў прэзідэнта. Згадаў ён і сілавы ціск "на ўсіх, хто жадае справядлівасці і празрыстасці выбарчага працэсу".

Валерый Цапкала папрасіў кіраўнікоў краін "падтрымаць правядзенне свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і звярнуць увагу грамадскасці на праводзімую беларускім рэжымам антынародную палітыку".

Ад імя беларускага народу ён папрасіў арганізаваць міжнароднае назіранне за выбарамі і падлікам галасоў на замежных выбарчых участках. "Нашы народы месцамі аб'ядноўвае культурна-гістарычная спадчына і шчыльныя роднасныя сувязі. Мы аднолькава разумеем ідэі дэмакратыі і свабоды", — запэўнівае палітык.

Мэтай апазіцыі ў лісце называюцца празрыстасць выбараў, абранне Святланы Ціханоўскай на пасаду прэзідэнта, вызваленне ўсіх палітвязняў, а таксама правядзенне новых выбараў у тэрмін ад трох да шасці месяцаў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў.

Ліст адрасаваны прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, прэм'ер-міністру Канады Джасціну Трудо, прэм'еру Вялікабрытаніі Борысу Джонсану, прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону, прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, канцлеру Германіі Ангеле Меркель, прэм'еру Арменіі Ніколу Пашыняну, а таксама кіраўнікам Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы ды іншых краін.

Валерый Цапкала 24 ліпеня вывез з Беларусі дзяцей, паведаміўшы, што беларускія ўлады пагражалі забраць іх у бацькоў. Спярша ён паехаў у Маскву, але 2 жніўня стала вядома, што палітык перабраўся ў Кіеў. 

Яго жонка Вераніка засталася ў Беларусі і ўвайшла ў выбарчы штаб Святланы Ціханоўскай

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі