Церашковіч: Адміністрацыя ЕГУ вырашыла паказаць, хто ў доме гаспадар
Менавіта так кіраўнік Сената Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Павел Церашковіч ацаніў апошнія крокі адміністрацыі.
Як паведамляла Еўрарадыё, чарговы віток "акадэмічнай вайны" паміж рэктарам Анатолем Міхайлавым і органам самакіравання — Сенатам ЕГУ стала абвяшчэнне конкурсу на выкладчыцкія пасады.
Павел Церашковіч: "Згодна са статутам, рэктар мае права абвяшчаць конкурс на акадэмічныя пазіцыі. Але Сенат папярэдне павінен зацвердзіць умовы, па якіх гэты конкурс пройдзе. Гэтыя ўмовы не зацверджаныя. У тым ліку і таму, што не ўсе прапановы адміністрацыі былі прадстаўленыя ў Сенат. Мы прапаноўвалі літаральна за некалькі тыдняў усе гэтыя праблемы вырашыць. На жаль, адміністрацыя не пайшла нам насустрач. На мой погляд, гэта своеасаблівая дэманстрацыя "хто галоўны ў хаце".
Па словах Церашковіча, Сенат ЕГУ прапаноўваў своеасаблівую "дарожную мапу" з чатырох крокаў, каб выйсці з канфліктнай сітуацыі паміж самакіраваннем і адміністрацыяй. Аднак адміністрацыя ЕГУ, кажа Церашковіч, праігнаравала прапановы.
Фота — ehu.lt