Чачэнскім спартсменам, якія праваліліся на Гульнях у Рыа, падаравалі джыпы
У Чачні ўганаравалі мясцовых спартсменаў, якія выступалі за зборную Расіі на Алімпіядзе ў Рыа і не змаглі заняць прызавых месцаў. На цырымонію запрасілі чатырох удзельнікаў Гульняў, а таксама яшчэ дваіх спартсменаў, якіх не пусцілі на спаборніцтвы па рашэнні Міжнароднай антыдопінгавай камісіі. Усе атлеты атрымалі з рук выканаўцы абавязкаў кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава ключы ад джыпаў “Мерсэдэс”.
Ніхто з чачэнскіх спартсменаў не заняў сёлета прызавых месцаў у Рыа. Сярод узнагароджаных былі баксёр Адлан Абдурашыдаў, у якога толькі 9-е месца ў вагавай катэгорыі да 60 кг, а таксама барцы Іслам-Бек Альбіеў, Анзор Балтукаеў, Іслам Магамедаў і цяжкаатлеты Апці Аўхадаў і Адам Малігаў.
Сам Кадыраў у інстаграм напісаў, што вакол зборнай Расіі была створаная нервовая абстаноўка, таму спартсмены выступілі няўдала.