Чалы: “Беларусі антыкрызісныя праграмы не патрэбныя. Лепш нічога не чапаць"

Еўрарадыё: Што больш на сітуацыю ў Беларусі можа паўплываць — крызіс у Еўразоне альбо падзенне коштаў на нафту і зніжэнне курсу расійскага рубля?

Сяргей Чалы: Вядома, падзенне расійскага рубля. Нядаўнія факты аб гэтым сведчаць: дэвальвацыя 2009 году. Тады ў Расіі дэвальвацыя пачалася раней, чым у нас. І мы прайгравалі цэлы год у аслабленні курсаў нашых валют. У выніку наш экспарт вельмі сур’ёзна скараціўся, прыкладна недзе на 20%. Таму вось любое аслабленне расійскага рубля азначае меншую канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі і большую — расійскай у нас. Адпаведна змяншаецца аб’ём валютных паступленняў у наш бюджэт.

Можна сказаць, што калі расійскі рубель падае на 15%, то лагічна было б “апускаць” курс беларускага на траціну, на 5%, каб не губляць канкурэнтаздольнасць.

Еўрарадыё: А крызіс у Еўразоне і тэарэтычная адмова ад еўра неяк можа на нас паўплываць? Мы даволі актыўна гандлюем з Еўрасаюзам.

Сяргей Чалы: Рэч у тым, што ў апошнія месяцы адбываецца даволі цікавая тэндэнцыя. Калі сачыць за банкаўскай статыстыкай, то там у апошнія месяцы доля долара ў валютных паступленнях павялічваецца. У сакавіку-красавіку гэтая тэндэнцыя ўсталявалася. Гэта дзіўна, бо ў нас асноўныя гандлёвыя партнёры — Расія і Еўрасаюз. Адпаведна, паступленні мусяць быць у расійскіх рублях альбо ў еўра. І гэта дзіўна, я нават не ведаю, з чым гэта звязана. Магчыма, гэта акурат рэакцыя на тое, што адбываецца ў зоне еўра. Кампаніі пераходзяць на разлікі ў доларах. Доля еўра сур’ёзна зніжаецца і ўплыў крызісу адзінай еўрапейскай валюты, адпаведна, таксама.

Еўрарадыё: А Беларусь неяк можа засцерагчы сябе ад крызісаў на Захадзе і на Усходзе?

Сяргей Чалы: Вядома, што не. У нас вельмі маленькі, вельмі неглыбокі і неліквідны рынак. Мы — краіна з вельмі адкрытай эканомікай. Аб’ём знешняга гандлю ў два разы перавышае ВУП. Мы адкрытыя ўсім вятрам і любы чых на нас уплывае. Амерыка чхнула — а ў нас грып. Гэта адбіваецца імгненна. Было вельмі добра бачна па мінулым крызісе, які пачаўся ў кастрычніку 2008 году.

“Беларусі антыкрызісныя праграмы непатрэбныя. Лепш нічога не чапаць рукамі”

Еўрарадыё: А беларускі ўрад спрабуе хоць нешта зрабіць? Рэалізаваць нейкую антыкрызісную праграму?

Сяргей Чалы: Шчыра кажучы, у нашага ўраду няма ўвогуле ніякай антыкрызіснай праграмы. Каб яе мець, трэба хаця б прызнаць наяўнасць крызісу. А яго ж у нас няма… Дакладней, ужо скончыўся. Ва ўрада ў дадзены момант ёсць даволі смешная праграма на 2012 год. Яе ўжо крытыкавалі ўсе, хто заўгодна. У тым ліку эксперты МВФ. А ёсць яшчэ больш смешная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2015 году. Акурат да наступных прэзідэнцкіх выбараў. І рэалізоўваць гэтыя праграмы ва ўрадзе баяцца. Бо той, хто гэта будзе рабіць, стане вінаватым за яе невыкананне. Таму ўрад дзейнічае ў рэжыме “дзень прастаяць, ноч пратрымацца”. Нейкіх сістэмных рэчаў там няма.

І гэта нават і нядрэнна ў прынцыпе, калі б не гэтыя вось знешнія перашкоды. Унутры краіны зараз усё больш-менш нармальна. Тут акурат той выпадак, калі лепш нічога не чапаць рукамі. Рынак працуе — валютны, грашовы, які заўгодна. Крызісы ў нас адбываліся праз ўмяшальніцтва ў рынкавыя механізмы.

Еўрарадыё: Як моцна мы залежым ад коштаў на нафту?

Сяргей Чалы: Мы атрымоўваем нафту практычна па ўнутрырасійскім кошце. Ёсць толькі пошліна на экспарт светлых нафтапрадуктаў. І выходзіць, што ў нас дзякуючы такой сітуацыі няма моцнай залежнасці ад коштаў на нафту. Ён падае, падае і кошт на нафтапрадукты. А нам ні холадна, ні горача.

Еўрарадыё: Як можа павесці сябе ў такой сітуацыі Расія? Мытны саюз не разваліцца?

Сяргей Чалы: Калі ім становіцца не вельмі добра, яны гатовыя ў момант напляваць на ўсе дамоўленасці Адзінай эканамічнай прасторы. Там адразу пачынаюць працаваць пратэкцыянісцкія механізмы. У 2008 годзе ў нас у момант абваліліся продажы МАЗаў у Расіі, бо яго выкінулі з праграм па закупках. Ішлі толькі свае КамАЗы.

Падобныя рашэнні могуць быць прынятыя імгненна. І вельмі моцна ўдарыць па нашым машынабудаўніцтве. І Мытны саюз не дапаможа. Гэта не агаворана дамоўленасцямі. Гэтыя "цукеркі" з Адзінай эканамічнай прасторай не звязаныя. З МАЗам класічная сітуацыя. “Белкамунмаш” паспеў стварыць пад Пецярбургам зборачную вытворчасць і ўдзельнічае ва ўсіх дзяржаўных праграмах. А па МАЗу было асобнае рашэнне. Яго лёгка могуць выкінуць.

“Альбо згвалтуем рэальнасць, альбо прызнаем, што наша ўнікальная мадэль сканала”

Еўрарадыё: Апошні год для Беларусі быў даволі паспяховым. Урад будзе развіваць поспех далей?

Сяргей Чалы: Думаю, што асаблівага поспеху тут не было. З аднаго боку, эфект дэвальвацыі, з іншага — паляпшэнне ўмоваў гандлю энергетычнымі таварамі з Расіяй. Гэта разавы вынік. У нас няма незагружаных магутнасцяў, якія дазволяць павялічыць выпуск прадукцыі. Проста таму, што ў нас і так была камандная эканоміка і рабілі ўсё. Была толькі праблема прадукцыі, што асядала на складах.

З іншага боку, мы не можам адэкватна адказаць на попыт, бо фізічна не можам зрабіць больш на тых прадпрыемствах, якія маем. А новага нічога не было створана.

Рост экспарту абумоўлены перанакіраваннем плыні. Унутраная пакупніцкая здольнасць зменшылася і пачалі прадаваць за мяжу. Асаблівых фактараў, якія маглі б прадоўжыць тэндэнцыю, не бачна. Гэта разавы вынік, а за ім, хутчэй за ўсё, будзе пагаршэнне. Курс рубля будзе павялічвацца. А калі ў нейкі момант наш урад вырашыць, што трэба выконваць гэтыя свае смешныя праграмы, то гэта будзе азначаць, што хісткая раўнавага пасля кастрычніка вельмі лёгка можа быць развалена. Будзе так, як зараз, альбо крыху горш. А калі пачнуць чапаць рукамі, то будзе значна горш.

Еўрарадыё: Але 2015 год — гэта выбары…

Сяргей Чалы: Так. У нас улады традыцыйна стараюцца паляпшаць сітуацыю. І ў нас ёсць рашэнне Усебеларускага сходу. Ад іх жа ніхто не адмовіўся. І нават Саўмін падкрэслівае, што трэба выконваць гэтыя пастановы. А там за пяць гадоў — 70% росту ВУП. З улікам таго, што ў нас 2011 год быў крызісны, у 2012 — будуць капейкі. Адпаведна, трэба ў наступныя па 15% росту. А гэтага ніяк нельга зрабіць. Дакладней можна, але мы ведаем, чым яно скончыцца. У нас у 2010 годзе замест росту 1-3% зрабілі 11-13%. Прэзідэнт сказаў. І вынік праз тры месяцы адбіўся.

Мы ў дзіўнай пазіцыі. Рэальнасць змянілася з аднаго боку, а разумення гэтага яшчэ не адбылося. І тут два выйсці: альбо гвалтуем рэальнасць, альбо натуральным чынам прызнаваць, што наша ўнікальная беларуская мадэль сканала.

“Плаваючы курс не дазваляе стварыць ілюзію багацця. Нельга заробкі пры ім павышаць штучна”

Еўрарадыё: І які варыянт выберуць улады?

Сяргей Чалы: Думаю, што як заўсёды — нешта сярэдняе. Будзе гаварыцца, што мы сацыяльна арыентаваная дзяржава. Але звярыны выскал капіталізму паступова пачне пранікаць. І разрыў паміж рэчаіснасцю і рыторыкай будзе нарастаць. Ніхто не прызнае, што мы ў тупіку. І ў такім рэжыме да 2015 году мы можам і не дажыць — крызіс пачнецца раней.

Калі Нацбанк здолее пераканаць улады, што нельга адмаўляцца ад плаваючага курсу рубля, то будзе нармальна. Але плаваючы курс не дазваляе стварыць ілюзію багацця. Нельга заробкі пры ім павышаць штучна. Зараз унікальны момант: улады разумеюць, што з крызісам можна справіцца толькі плаваючым курсам і гэта вельмі нязвыкла для іх. Нават па выступах бачна. Накшталт такіх, дзе гаворыцца: “Ну і чорт з вамі, самі разбірайцеся, а я лепш займуся травой на праспекце, сур’ёзнымі пытаннямі”.

Еўрарадыё: А калі ўявіць, што заўтра ў нас будзе новая ўлада, новы ўрад, якія зменяць усё — колькі часу спатрэбіцца, каб зрабіць з Беларусі цукерку?

Сяргей Чалы: Рэч у тым, што сітуацыя ў нас унікальная. Сярод экспертаў — дзяржаўных, незалежных, замежных — няма ніякіх рознагалоссяў. Абсалютна зразумела, што трэба рабіць. Мы спазніліся з трансфармацыяй і зараз можам карыстацца чужым досведам. Прыходзь у супермаркет і выбірай, што хочаш. Любую мадэль. Усе ўжо ўсё абмеркавалі і з усім згодныя. Ніякіх спрэчак няма. 3-5 гадоў — і мы б атрымалі нармальную эканоміку. Гэта было б зусім нескладана. Застаецца толькі адно пытанне: ці ведае аб гэтым прэзідэнт?

Фота: ultra-music.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі