Чалы: Галоўная прычына зніжэння ЗВР — набыццё валюты людзьмі

У аўторак, 6 студзеня, стала вядома, што за снежань золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 760 мільёнаў долараў да $5 мільярдаў. Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што гэта здарылася праз ажыятажны попыт на валюту ў насельніцтва.

Чалы: “Галоўным чынам з-за дзеянняў грамадзян. Былі дні, калі фізічныя асобы набывалі 60-70 мільёнаў долараў у дзень. Так што я думаю, што ільвіная доля ў зніжэнні запасаў Нацбанка — гэта ажыятажны попыт на валюту”.

Сяргей Чалы згадвае сітуацыю ў канцы 2010-га, у пачатку 2011 года, калі золатавалютны запас за месяц зніжаўся нават на 900 мільёнаў долараў. Тады гэта вылілася ў знікненне валюты з абменнікаў на працяглы тэрмін. Долары і еўра ў свабодным доступе там з’явіліся толькі пасля афіцыйнай дэвальвацыі восенню 2011 года.

Агулам золатавалютны запас Беларусі ў нацыянальным вызначэнні на сёння складае 5 млрд 716 мільёнаў долараў, 5 млрд 59 мільёнаў у адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду. Розніца ўзнікла праз адрозненні ў метадах падліку — МВФ не ўключае ў ЗВР рахункі ў расійскіх рублях і каштоўныя камяні.

Сяргей Чалы гаворыць, што да крытычнага стану золатавалютныя рэзервы Беларусі яшчэ не знізіліся.

Чалы: “Ёсць толькі вельмі прыблізныя паказчыкі. Гэта прыкладна 2-3 месяцы аб’ёму імпарту. На выпадак нейкіх шокаў у знешнім гандлі, альбо яшчэ нечага. Але мы даўно знаходзімся за крытычным узроўнем. У нас прыкладна паўтарамесячны запас”.

Нагадаем, што ў снежні попыт на замежную валюту ў Беларусі вырас больш чым у сем разоў. Калі ў лістападзе ў дзень у сярэднім беларусы куплялі каля 5 мільёнаў долараў, то 16 снежня — ўжо 33 мільёны долараў, 17 снежня — 66 мільёнаў, а 18 снежня — 80 мільёнаў долараў.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі