Чалы: Расія звязвае газавае пагадненне з нафтавым, гэта такі інструмент ціску

Чалы: Расія звязвае газавае пагадненне з нафтавым, гэта такі інструмент ціску

Расія вярнула Беларусі перадаплату за газ, які "Газпрам" мусіць нам паставіць у 2017 годзе. Тлумачэнне простае: маўляў, наша краіна не сплаціла запазычанасць за атрыманы ў 2016 годзе газ. А гэта, па словах расійскага віцэ-прэм’ера Аркадзя Дварковіча, 281 мільён долараў. Беларускі эканаміст Сяргей Чалы ўпэўнены ― простым пералічэннем згаданай сумы запазычанасці пытанне не вырашыцца.

Чалы: “Гэта не простае пытанне, што Беларусь пералічыць недаплату, як гэта ў нас называюць, ці запазычанасць, як кажуць рускія, і пастаўкі аднаўляюцца ў ранейшым аб’ёме. Размова ідзе пра тое, што гэта частка вялікага пагаднення. Там і формула разліку кошту на газ застаецца ранейшай, але павінна быць рашэнне расійскага ўраду пра нейкія міждзяржаўныя трансферы, якія будуць захоўваць высокі кошт на газ для "Газпрама", але фактычна рабіць яго для нас таннейшым. Але апроч таго, гэта, наколькі я разумею, звязана з нафтавымі пагадненнямі, у якіх закладзенае абавязальніцтва зваротнай пастаўкі 1 мільёна тон нафтапрадуктаў з Беларусі ў Расію, пры тым, што для нас гэта вельмі нявыгадна”.

Сёлета, кажа Чалы, мы павінны былі такім чынам паставіць у Расію 1,5 мільёна тон нафтапрадуктаў, а паставілі такі мізер, пра які нават узгадваць няёмка. Відавочна, што перамовы пра пастаўкі газу ў Беларусь з Расіі і яго кошт будуць працягвацца. Але нічога добрага ў тым, што ў Маскве настойваюць на прывязцы газавага пагаднення з пагадненнем нафтавым у адзін пакет Сяргей Чалы не бачыць. Кажа, што гэта такі інструмент ціску Крамля на Мінск.

Нагадаем, газавы канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй пачаўся з таго, што калі сусветныя кошты на нафтапрадукты рэзка зменшыліся, Беларусь назвала сумленным коштам на расійскі газ ― 73 долара за 1 тысячу кубаметраў. Але Расія настойвала на выкананні дзеючага кантракту, па якім мы мусім плаціць 132 долары за 1 тысячу кубоў расійскага газу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі