Чаму бізнес з’язджае з Беларусі? Пяць прычын (відавочных і не вельмі)

Таксама даведаліся, дзе з суседніх краінаў найлепшыя умовы для ІП / калаж Улада Рубанава
Таксама даведаліся, дзе з суседніх краінаў найлепшыя умовы для ІП / калаж Улада Рубанава

Працаваць бізнесу ў Беларусі стала вельмі цяжка, а часам і немагчыма. Кажа сузаснавальнік Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Яўген Буры.

У размове з Еўрарадыё ён вылучыў пяць асноўных прычын, чаму іпэшнікі з’язджаюць з Беларусі.

Першае: “Гэта рэпрэсіі, якія працягваюцца ў дачыненні да іпэшнікаў. Бізнес знішчаецца, іпэшнікі знішчаюцца як клас. Гэта такі палітычны фактар, бо Лукашэнка вельмі баіцца бізнес — пачатак рэвалюцыі ў 2020-м годзе акурат такі сыходзіў ад незалежных фінанасава ад дзяржавы людзей”.

Другое: “Неадэкватныя і непрадказальныя эканамічныя дзеянні так званых уладаў. Яскравы прыклад, забарона на павышэнне цэнаў. Ну і, вядома, рост падаткаў. Днямі размаўляў з адным бізнесоўцам з Беларусі, ён распавёў, што з новага году ў яго сферы яны выраслі ў тры разы”.

Трэцяе: “Гэта працяг вайны, развязанай Расіяй ва Украіне. І Лукашэнка тут з’яўляецца суагрэсарам. Таму Беларусь атрымала міжнародныя санкцыі, а за ім і дрэнную рэпутацыю беларускі бізнес. Ён пачаў хаваць свае карані, кліенты пачалі адмаўляцца ад супрацы. Гэтага мы шмат бачылі у айці-сферы”.

Чацвёртае: “Гэта залежнасць ад Расіі. Мы бачым, як Беларусь усё больш губляе эканамічную незалежнасць і ўсё больш гуляе па правілах, якія ёй навязвае Расія. Гэта ў тым ліку і рызыка захопу бізнеса. Метады працы Расіі мы бачым”.

Пятае: “Пагроза ўцягвання Беларусі ў паўнавартасную вайну і адпаведна пагроза мабілізацыі як саміх працаўнікоў, так і бізнесменаў. Гэта рызыка не толькі, каб працягваць бізнес, а ўвогуле заставацца ў Беларусі, асабіліва для мужчын”.

Куды з’язджае беларускі бізнес?

“Улетку 2022-га мы рабілі такое даследаванне: 80% бізнесу, што з’язджае, робіць гэта ў Польшчу, бо тут найлепшыя ўмовы сярод суседніх краін. Больш-менш зручна адкрыць рахункі (у краінах Балтыі гэта амаль немагчыма). Ну, а таксама візавая падтрымка — яна больш лаяльная”.  

Буры падсумоўвае, што бізнес будзе рэлацыравацца ўсё больш і больш. “З іншага боку, чым больш бізнес будзе рэлацыравацца, тым больш гэта будзе біць па рэжыме. Бо падаткаў плацяць менш. Не проста так жа паднялі падаткі ў тры разы. Бюджэт папаўняць трэба: плаціць людзям у пагонах, а ніхто гэтага не хоча рабіць, бо людзі разумеюць, на што ідуць іх падаткі” . 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі