Чаму лідараў апазіцыі не “падседжваюць” іх намеснікі?

Малыя заробкі і вялікая небяспека асаблівай увагі з боку спецслужб — так самі лідары апазіцыі тлумачаць Еўрарадыё нежаданне актывістаў заняць іх месцы. Ці сапраўды ў гэтым прычына, цікавімся мы ў намеснікаў лідараў.

“Партыя, нягледзячы на думку, што тут усе ў грантах купаюцца, гэта вельмі сціплае існаванне, — пагаджаецца з адным са сцвярджэнняў лідараў намеснік старшыні АГП Леў Марголін. І дадае пра асабістыя прычыны нежадання “падседжваць” Анатоля Лябедзьку. — У сябе пытаюся: змагу я зрабіць больш і лепш, чым Анатоль? І сам сабе адказваю: не, не змагу”.

                                      Леў Марголін

Але, як высвятляецца, не ўсё так проста. Да прыкладу, прызнаецца палітык, у партыі зараз альбо моладзь, альбо людзі сталага веку. Людзей ва ўзросце 40-50 гадоў, якія патэнцыйна маглі б прэтэндаваць на пасаду старшыні, проста няма.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў прызнаецца: калі няма надзеі “зваліць рэжым”, то і падстаў імкнуцца ў лідары… няма.

Аляксандр Стральцоў: “Я не бачу на сённяшні момант рэальных шанцаў на перамогу над рэжымам. Адпаведна, як палітык — навошта я буду рабіць крокі, якія не вядуць да перамогі?!”.

Дакладней — падстаўляцца. Што павінен абяцаць кандыдат на лідары апазіцыйнай партыі? Правільна — прывесці сваю структуру да ўлады, перамогшы рэжым... Што сёння, са слоў Стральцова, малаверагодна.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Януковіч і двое з трох ягоных намеснікаў Ігар Лялькоў і Рыгор Кастусёў

У Сяргея Вазняка ёсць нават магчымасць выбіраць — што ўзначаліць. Бо ён сябра Бюро ЦК партыі левых “Справядлівы свет”, сябра праўлення кампаніі “Гавары праўду!”, сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў. І тут, прызнаецца, спрацоўвае “сквапнасць”.

                                           Сяргей Вазняк

Сяргей Вазняк: “Калі ўзначальваць нейкую адну структуру, то тады трэба разрываць з іншымі. А я не хачу. У партыі я таму, што тут мне камфортна ідэалагічна, у БАЖы я ўдасканальваюся прафесійна, як журналіст, а “Гавары праўду!” — адзіная структура, якая рэальна працуе, і я тут штодзённа ў нечым задзейнічаны. Таму я спакойна кайфую і задаволены трыма месцамі ў кіраўніцтве кожнай са структур!”

                              Уладзімір Някляеў

Намеснік лідара руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч папярэджвае: пакуль найбольш адпаведная сённяшняму часу асоба — Аляксандр Мілінкевіч, але “калі прыйдзе час пэўных зменаў і спатрэбяцца іншыя людзі”…  Карацей, намеснік чакае.

                            Аляксандр Мілінкевіч

Дарэчы, у Партыі БНФ старшыня неаднаразова змяняўся — Аляксей Януковіч заняў гэтую пасаду толькі ў 2009 годзе. Лідара АГП Анатоля Лябедзьку абралі ў 2000 годзе. А вось Сяргей Калякін — нязменны старшыня “Справядлівага свету” з 1994 года. Як прыгадвае Вазняк, адзіная няўдалая спроба “скінуць” яго была ў 1995 годзе. Больш нават прэтэндэнтаў не было.

                                              Сяргей Калякін

Змясціць Анатоля Лябедзьку паспрабавалі адзін раз — лідар “Маладых дэмакратаў” Алег Корбан самавылучыўся падчас з’езду партыі ў 2012 годзе. Зараз малады палітык, які сышоў з АГП, сцвярджае: супраць яго скарысталі “адміністрацыйны рэсурс”.

Алег Корбан: “З тымі, хто быў нейтральны, і з тымі, хто падтрымліваў маю кандыдатуру, была размова з боку кіраўніцтва партыі — не толькі з боку самога Лябедзькі. А калі напярэдадні з’езду пачаліся паездкі па рэгіёнах, дзе ёсць структуры АГП, то высветлілася, што на паездкі лідара грошы ў партыйнай касе ёсць, а на паездкі альтэрнатыўнага кандыдата — няма!”.

                                           Алег Корбан vs Анатоль Лябедзька

                                      Анатоль Лябедзька

Затое, сцвярджае Корбан, з дапамогай свайго дэмаршу здолеў агучыць сваю пазіцыю — партыі неабходныя змены, не ўсё ў ёй добра. Але адразу прызнае: партыйцы яго пасыл так і не пачулі.

Усе намеснікі ўпэўніваюць Еўрарадыё: як толькі ў Беларусі зменіцца палітычная атмасфера, партыі атрымаюць другое дыханне. І іх амбіцыі таксама. Беларускія палітыкі такія палітыкі…

Фота: Змітра Лукашука, interpolit.net, www.nv-online.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі