Чаму перамовы па Украіне праходзяць у Мінску і што яны прынясуць Беларусі

Пазіцыі бакоў: Чаго хочуць ад перамоў у Мінску Парашэнка, Пуцін і Еўрасаюз

11 лютага ў Мінск прыедуць адразу некалькі сусветных лідараў: канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Яны паспрабуюць вырашыць праблему Данбаса. Пра выбар мінскай пляцоўкі становіцца вядома ўсяго за некалькі дзён. Лукашэнка ў гэты момант адпачывае ў Сочы і даведваецца пра новыя перамовы па тэлефоне ад Парашэнкі. Потым яго інфармуе і Пуцін.

Маскоўскі палітолаг Кірыл Коктыш мяркуе, што дамовіцца ў Мінску ў бакоў атрымаецца. Аднак не факт, што Парашэнка здолее ўсё выканаць:

Мінск — адзіная зручная нейтральная пляцоўка

“Мне здаецца, што сустрэцца ў Мінску — ініцыятыва і Пуціна, і Лукашэнкі. Гэта выкарыстанне той сітуацыі, што Беларусь сёння з’яўляецца адзінай нейтральнай пляцоўкай. Усе астатнія краіны так ці інакш занялі адзін альбо іншы бок”, — кажа Коктыш.

Тым не менш, 11 лютага адбудзецца ўсяго другая сустрэча ў Беларусі, калі ў перамовах па ўкраінскім пытанні ўдзельнічаюць афіцыйныя асобы. Першая адбылася 26 жніўня мінулага года, калі ў Мінск прыляталі Уладзімір Пуцін, Пётр Парашэнка і высокі прадстаўнік ЕС па пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан. Сустрэчы так званых “кантактных груп” амаль ні да чаго не прыводзілі.

Будзе прарыў

“Відавочна, што перамовы на гэтым этапе нейкага прарыву дасягнуць. Іншае пытанне, што гэты прарыў потым будзе патоплены. Парашэнка, каб пагадзіцца на федэралізацыю, павінен будзе правесці рэферэндум. А ў сённяшняй Украіне рэферэндум наўрад ці скажа федэралізацыі “так”. І гэта будзе азначаць, што ўсе дамоўленасці праз месяц-другі могуць быць адмененыя”, — мяркуе Кірыл Коктыш.

Пры гэтым федэралізацыя — толькі адзін з магчымых варыянтаў вырашэння ўкраінскай праблемы. І не самы горшы для Кіева. Неафіцыйна гаворыцца пра стварэнне дэмілітарызаванай зоны, паўтарэнні прыднястроўскага сцэнарыя, уводу міжнароднага кантынгенту міратворцаў, як гэта было ў свой час у Босніі.

На карысць версіі пра прарыў 11 лютага гавораць і крыніцы амерыканскай The Wall Street Journal. Выданне паведамляе, што “канцлер ФРГ лічыць, што на сустрэчы "нармандскай чацвёркі" ў Мінску ў сераду Уладзімір Пуцін павінен пагадзіцца з мірным планам, які яму прапанавалі Германія і Францыя”. Прычына — Меркель прыстрашыла Пуціна ўвядзеннем новых санкцый супраць расійскіх кампаній і пашырэннем спісу асоб, чые рахункі за мяжой будуць замарожаныя.

Даведка: Чаму перамовы 11 лютага ў Мінску называюць "Нармандскім фарматам"?

Расійскія алігархі выкарыстоўваюць нейтральнасць Беларусі ў сваіх інтарэсах

У Беларусі папулярнае меркаванне, што Лукашэнка ці не адзіны, хто выйграў у палітычным сэнсе ад вайны ва Украіне. Маўляў, цяпер яго наўрад ці назавуць “апошнім дыктатарам Еўропы”, а Еўрасаюз гатовы заплюшчыць вочы на адсутнасць дэмакратыі. Беларускі МЗС у сваю чаргу рад раптоўнаму “разуменню беларускай спецыфікі”.

Палітолаг Кірыл Коктыш тым часам кажа, што ў Расіі палітыку афіцыйнага Мінска выкарыстоўваюць у сваіх мэтах мясцовыя алігархі. У першую чаргу для таго, каб выцесніць беларускія прадпрыемствы з расійскага рынка.

“Усе тыя рэплікі ў расійскіх СМІ, якія нервавалі беларускае кіраўніцтва і прымушалі рабіць заявы, былі выкарыстаныя, каб адштурхнуць Беларусь ад размеркавання дзяржаўных праграм па імпартазамяшчэнні. На фоне першага скандалу было размеркавана, калі не памыляюся, 450 мільярдаў рублёў. На сельскую гаспадарку. І Беларусь на гэта пасяджэнне проста не паклікалі. Таму што акурат у той час ішлі інтэнсіўныя спрэчкі, якой будзе Беларусь і ці будзе яна адстойваць сваё права на мову і іншае”, — расказвае Коктыш.

Навошта перамовы патрэбныя Лукашэнку

Прыезд у Беларусь адразу трох сусветных лідараў, у тым ліку, двух кіраўнікоў краін Еўрасаюза, — гэта вялікі крок па ўмацаванні міжнароднай суб’ектнасці, перакананы аналітык “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман. Асабліва цяпер, у такія смутныя для рэгіёна часы. Што тычыцца асабіста Лукашэнкі, то для яго, мяркуе эксперт, перамовы ў Мінску — першая перамога за часы чатырохгадовай мяккай ізаляцыі:

Для Лукашэнкі гэта своеасаблівая перамога. Вось Беларусь, вось яе рэальны кіраўнік. Тое ж адбывалася і падчас прыезду Кэтрын Эштан. Гэта працяг дыпламатычных перамог кіраўніка Беларусі”, — гаворыць Прэйгерман.

Перамовы ў Мінску не зменяць пазіцыю Захаду ў дачыненні да Беларусі

Палітолаг Андрэй Ягораў мяркуе, што галоўнымі пытаннямі ў адносінах Беларусі з Еўрасаюзам і ЗША па-ранейшаму застаецца наяўнасць у краіне палітвязняў і адсутнасць дэмакратыі. І перамовы ў Мінску гэтага не зменяць:

“Галоўнымі перашкодамі ў наладжванні адносінаў з’яўляюцца палітвязні і палітычная сітуацыя ў краіне. Хутчэй за ўсё, акрамя інтэнсіфікацыі перамоваў паміж Беларуссю і Захадам, перамен не будзе. Перамовы самі па сабе не будуць вырашальнымі”, — расказвае Ягораў.

Такім чынам, выбар усё адно за афіцыйным Мінскам. Выглядае на тое, што Беларусь — ці не адзіны бок, які гэты выбар пакуль мае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі