Чаму радыкалізаваўся Майдан? Хроніка падзей (фота, відэа)

Прычынай абвастрэння называюць галасаванне ў Вярхоўнай Радзе 16 студзеня. Апазіцыя не можа адрэагаваць на прыняцце новых законаў належным чынам, што развязвае рукі радыкальна настроеным актывістам.

16 студзеня

Вярхоўная Рада прымае бюджэт, а адначасова з ім шэраг законаў. Яны істотна змяняюць краіну. Галасаванне адбываецца са скандалам: апазіцыйныя дэпутаты адбіраюць частку картак апанентаў, таму Рада галасуе па-старому — узняццем рук.

У выніку Вярхоўная Рада спрашчае працэдуру зняцця недатыкальнасці з дэпутатаў, уводзіць крымінальную адказнасць за паклёп і экстрэмісцкую дзейнасць, вырашае караць рух у аўтакалоне колькасцю больш за пяць аўто, уводзіць шэраг абмежаванняў для пратэстоўцаў.

Пасля "ручнога" галасавання апазіцыя заяўляе, што парламентарызм ва Украіне памёр, а шматлікікія эксперты ў адзін голас заяўляюць, што “гэта нават не Беларусь і не Расія, гэта значна горш”.

17-18 студзеня

Суполкі Еўрамайдана ў сацыяльных сетках перапоўненыя допісамі абурэння. Нацыяналісты заклікаюць да актыўных дзеянняў. У суполцы папулярнай нацыяналістычнай групоўкі “Правы сектар” з’яўляецца допіс наступнага зместу: “Ад самага пачатку так званаму Вечу трэба супрацьстаяць правакатарам-пацыфістам. Таму калі вы будзеце на Майдане і будзеце чуць х…ню пра “мірныя і законныя акцыі”, “збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта” і іншыя мазахісцкія вычварэнствы, пускайце хвалю “Рэвалюцыя”, “Ганьба”, ды “Гэць са сцэны” (незалежна ад кантэксту выступлення). Той, хто ізноў будзе замбаваць народ, той стане палітычным трупам. Хто пойдзе за радыкаламі — той, магчыма, сядзе ва ўладнае крэсла. А будзе дрэнна сябе паводзіць — і яго скінем”.

19 студзеня, першая палова дня

На Народнае веча збіраецца паводле розных ацэнак ад 100 да 500 тысяч чалавек, абураных законамі, прынятымі Вярхоўнай Радай 16 студзеня. Са сцэны Еўрамайдана лідары апазіцыі заяўляюць пра ператварэнне Украіны ў паліцэйскую дзяржаву і спробу ўстанаўлення аўтарытарнай дыктатуры. Патрабуюць стварэння "народнага ўрада" і правядзення ў сакавіку датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.

19 студзеня, другая палова дня

Акцыя перарастае ў жорсткае супрацьстаянне з міліцыяй. Каля трэццяй гадзіны дня група радыкальных актывістаў робіць спробу штурму кардона аховы ўрадавага квартала. Некалькі соцень чалавек уступаюць у сутычкі з міліцыяй. Яны падпальваюць некалькі аўтобусаў “Беркута”, грузавікі, касы стадыёна “Дынама”, а саміх байцоў закідваюць петардамі і “кактэйлямі Молатава”. У адказ міліцыя ўжывае спецсродкі: святлошумавыя гранаты, слёзацечны газ і вадамёт.

Спыніць сутычкі спрабуе Віталь Клічко — ён становіцца паміж радыкаламі і “Беркутам”. У адказ нацыяналісты паліваюць апазіцыянера з парашковага вогнетушыцеля.

19 студзеня, вечар

Каля 20.00 Віталь Клічко з групай народных дэпутатаў едзе да рэзідэнцыі прэзідэнта Януковіча ў Міжгор’і. Выступае з відэазваротам: “Я звяртаюся да Віктара Януковіча: вы ваюеце з уласным народам! Спыніце эскалацыю сітуацыі. Не нацкоўвайце міліцыю і байцоў спецпадраздзяленняў на людзей. Спыніце вайну супраць грамадзян Украіны, якія два месяцы заклікаюць пачуць іх патрабаванні”.

Праз некаторы час Януковіч тэлефануе Клічко і запрашае на сустрэчу. Згодна са словамі апазіцыянера, на сустрэчы з ім прэзідэнт Украіны выглядае ўсхваляваным: "Ён выглядаў усхваляваным... Яму кожную хвіліну даюць нейкія паперы, ён атрымлівае інфармацыю пра падзеі, якія адбываюцца". Януковіч тэлефануе таксама Арсенію Яцэнюку, прапаноўвае правесці перамовы 20 студзеня.

У Львове, Івана-Франкоўску і Калушы жыхары блакуюць выезд салдат з вайсковых частак на Кіеў.

Ноч з 19 на 20 студзеня

Супрацьстаянне радыкальна настроеных пратэстоўцаў і міліцыі працягваецца. Пацярпела больш за 100 чалавек. Некаторыя — вельмі сур'ёзна. На свежых фота і відэа з Кіева бачныя схопленыя радыкаламі і акрываўленыя міліцыянты, параненыя гумавымі кулямі нацыяналісты. Аднаму з іх адарвала кісць рукі, калі ён спрабаваў кінуць святлошумавую гранату назад у шэрагі “Беркута”.  Усю ноч пратэстоўцы кідаюць у праваахоўнікаў камяні, палкі, "кактэйль Молатава", петарды. Міліцыя адказвае святлошумавымі гранатамі, слёзацечным газам, гумовымі кулямі і вадамётамі.

“У мяне дома чутныя выбухі з Майдана. Наводдаль — бум, бум... Складанае адчуванне. Кактэйлі Молатава? Гранаты святлошумавыя?.. І мяркуючы па тым, колькі вокнаў гарыць у дамах насупраць, у ноч на панядзелак, іх слухаю не толькі я… І ведаеце што, грукочуць — уздрыгваеш, і змаўкаюць — страшна... Шмат, увогуле, эмоцый у рэвалюцыі. Радасці мала”, — піша ў сваім Фэйсбуку журналістка Вольга Шастакова.

Вынікі, пазіцыі палітычных лідараў

Міліцыя заяўляе пра распачатыя крымінальныя справы, затрымана каля дзесяці пратэстоўцаў. Па новых артыкулах затрыманым можа пагражаць да 15 гадоў турмы за экстрэмізм.

Лідар апазіцыі Арсеній Яцэнюк называе сутычкі ля Вярхоўнай Рады правакацыямі: "Гэта не наш план, атакі на кардоны праваахоўнікаў на Грушэўскага патрэбныя толькі ўладам. Для таго каб апраўдаць будучыя сілавыя дзеянні супраць Еўрамайдана".

Выказванне нацыяналіста Алега Цягнібока таксама асуджае дзеянні радыкалаў, ён лічыць іх правакатарамі: "Улада не змагла нас запалохаць, ім не дапамагла прамая сіла, цяпер яны хочуць знішчыць Майдан з дапамогай правакатараў".

Віталь Клічко з самага пачатку супрацьстаянняў беспаспяхова спрабуе спыніць мітынгоўцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі