Чарговае затрыманне ў Браславе, у СІЗА трапіў намеснік старшыні райвыканкама

Чарговае затрыманне ў Браславе, у СІЗА трапіў намеснік старшыні райвыканкама

У Браславе працягваюцца затрыманні ў мясцовым райвыканкаме. У сераду спачатку стала вядома, што затрыманыя старшыня выканкама Уладзімір Дранеўскі і яго жонка Алена Дранеўская, якая працавала начальнікам аддзела эканомікі. Паводле Следчага камітэта, іх падазраюць у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, а таксама ў атрыманні хабараў "за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю". Пазней стала вядома, што затрыманы намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама.

Як інфармуе прэс-служба МУС, намеснік старшыні атрымаў ад нейкага грамадзяніна хабар у памеры 6 300 еўра, за што мусіў вырашыць "пытанні, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю". У яго адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле "Атрыманне хабару" (ч. 3 арт. 430 КК).

Таксама Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла падрабязнасці пра справу старшыні выканкама і яго жонкі. Два гады Уладзімір Дранеўскі "сістэматычна атрымліваў хабары". Праваахоўнікі падлічылі, што агулам ён атрымаў 27 900 еўра. А жонка яму ў гэтым дапамагала. Варта адзначыць, што Дранеўскі быў прызначаны на пасаду ў пачатку 2015-га, а хабары пачаў браць толькі праз год.

Аператыўнікі высветлілі, што раённы кіраўнік на працягу двух апошніх гадоў атрымаў частку прэмій работнікаў выканкама. Таксама ён перавышаў свае службовыя паўнамоцтвы падчас закупак таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Крымінальную справу ў дачыненні Уладзіміра Дранеўскага распачалі па артыкулах "Атрыманне хабару" і "Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў" (ч. 2 арт. 426 КК), а ў дачыненні яго жонкі — па артыкуле "Атрыманне хабару". Яны знаходзяцца пад вартай. Вядома, што ў Дранеўскіх двое дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі