Чарговы cуд па дзедаўшчыне пачаўся ў Гродне. Пацярпелага білі нагой па машонцы
У Кастрычніцкім судзе Гродна пачаўся чарговы працэс па дзедаўшчыне, паведамляе Радыё "Свабода". За здзекі з таварыша па службе судзяць двух салдат з вайсковай часці 2141 Гродзенскай памежнай групы. Абодвух вінавацяць у парушэнні статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі.
Абвінавачаныя — 22-гадовы Уладзіслаў Шкулькоў і 20-гадовы Андрэй Пятровіч. Шкулькоў ужо скончыў службу, Пятровіч яшчэ служыць. Ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Пацярпелы — шараговец Ярашэнка, які служыць у той жа часці. На суд ён з'явіцца не змог, бо цяпер ляжыць у шпіталі ў Брэсце. Невядома, ці звязаная яго шпіталізацыя з пабоямі ў войску.
Паведамляецца, што пасля адбою Шкулькоў выклікаў Ярашэнку ў іншую спальню для старэйшых вайскоўцаў і загадваў яму матам зычыць "дабранач". Пасля гэтага салдат мусіў пакласці сабе на галаву падушку, страявым крокам падысці да Шкулькова і нецэнзурна папрасіць у яго дазволу выключыць святло. Атрымаўшы дазвол, зноў жа, страявым крокам Ярашэнка ішоў да выключальніка, прыкладаў да яго падушку і ўдарам галавы націскаў на яго. Пятровіч пры гэтым прыводзіў Ярашэнку ў спальню старэйшых вайскоўцаў, а потым пільнаваў, каб па калідоры не ішлі афіцэры.
Таксама на судзе было агучана, што Шкулькоў падымаў ложак Ярашэнкі за ножкі — той біўся галавой аб сцяну і падаў з ложка. Па словах пракурора, Шкулькоў таксама прымушаў Ярашэнку адціскацца не меней за 65 разоў, расказваць прымаўкі памежнікаў у нецэнзурнай форме.
Пятровіч жа пасля адной заўвагі з боку Ярашэнкі схапіў таго за грудкі, скамечыў яго шапку, а потым стукнуў са спіны нагой яму паміж ног і трапіў па машонцы, што выклікала лёгкае парушэнне здароўя.
На судзе Шкулькоў сваёй віны не прызнаў, а Пятровіч прызнаў віну часткова.
На наступных пасяджэннях чакаецца допыт сведкаў, абвінавачаных і пацярпелага.