Частка ўкраінскіх вайскоўцаў вырвалася з акружэння ў Дэбальцаве
Байцы чакаюць калідору для вывазу загінулых і параненых.
Вайскоўцы з 40-га батальёну “Крыўбас” і 128-й асобнай узводна-пяхотнай брыгады паведамілі пра частковы прарыў абкружэння. Пра гэта LB.ua паведаміла жонка аднаго з байцоў “Крыўбасу”. Яна мае інфармацыю са словаў мужа, які ўдзельнічаў у прарыве аблогі.
З'явіліся здымкі ўкраінскіх байцоў, якія выйшлі з акружэння ў Дэбальцаве
Вайсковец у сваю чаргу паведаміў, што частка людзей вырвалася, яны забралі з сабой зброю і неабходны рыштунак. Яны вырваліся з кола, трапілі пад абстрэл, пасля чаго іх падабраў Чырвоны Крыж. Пасля адступлення яны загадам знішчылі тое, што павінны былі знішчыць.
Частка батальёну засталася на пазіцыях у раёне сяла Новагрыгораўка — там шмат параненых і забітых. Іх колькасць невядомая. Людзі абкружаныя сепаратыстамі і няма каму аказаць ім дапамогу.
З ліку 2 тысяч байцоў 128-й брыгады пакуль выйшлі з акружэння толькі 100-150 чалавек, інфармуе УНІАН.
Тым часам камандзір батальёну “Данбас” Сямён Сяменчанка піша ў Фэйсбуку:
“Адвод войскаў з Дэбальцава ажыццяўляецца планава і арганізавана. Усе казкі пра кантроль за Логвінава выявіліся казкамі — гарбуз не ператварыўся ў карэту. Трасу Дэбальцава-Арцёмаўск мы не кантралюем менавіта з-за Логвінава. Іншыя дарогі шчыльна трымае Нацгвардыя, Данбас і часткі ўзброеных сіл Украіны. Супраціўнік спрабуе перарэзаць гэтыя дарогі і перашкодзіць выхаду групоўкі”.
Для ўзяцця пад кантроль населенага пункта баевікі сцягваюць усе свае рэсурсы, якія маюць у гэтым раёне. Пра гэта паведамляе каардынатар групы “Інфармацыйны супраціў”, народны дэпутат Дзмітрый Тымчук на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Паводле яго інфармацыі, у Стаханаве, дзе раней былі засяроджаныя буйныя фармаванні мясцовых баевікоў і расійскіх наёмнікаў, а таксама тэхніка і ўзбраенне, на раніцу 18 лютага засталося не болей за 300 баевікоў, 2 машыны БМ-21 “Град” не ў стане баявой гатоўнасці і 1 мінамётная батарэя. Астатнія сілы і сродкі перакінутыя пад Дэбальцава.
Фота: REUTERS