Чатыром палітвязням-салігорцам прысудзілі ад 5,5 да 10 гадоў калоніі
Таццяна і Алег Біруля, Алег Гаўрылаў / spring96.org
У Мінскім абласным судзе агучылі прысуд чатыром палітзняволеным жыхарам Салігоршчыны, паведамляюць праваабаронцы "Вясны". Судовы працэс вяла суддзя Алена Міснік.
Муж і жонка Алег і Таццяна Бірулі асуджаныя на 6 гадоў калоніі, трэнер Алег Гаўрылаў — на 10 гадоў, Сяргей Пасюк — на 5,5 года.
Салігорцаў затрымалі 13 снежня 2021 года за распаўсюд "пратэсных" газет. Але падчас следства іх абвінавачанне вырасла да пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці);
ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
ч. 1 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі);
ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Акрамя распаўсюду "пратэсных" газет салігорцаў абвінавацілі ў надпісах на будынках у горадзе.
Суд над палітвязнямі пачаўся 29 жніўня, але неўзабаве справу адправілі на дадатковае следства. 16 верасня КДБ дадаў салігорцаў у "спіс тэрарыстаў", хаця "тэрарыстычнага артыкула" ў абвінавачванні не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.