Чэхія на першым месцы: у Празе прайшоў шматтысячны прарасійскі мітынг

Акцыя пратэсту ў Празе 3 верасня 2022 года​ / @nypost
Акцыя пратэсту ў Празе 3 верасня 2022 года​ / @nypost

У суботу 3 верасня ў цэнтры Прагі прайшоў антыўрадавы мітынг, на які, паводле ацэнак паліцыі, прыйшло 70 тысяч чалавек.

Акцыя праходзіла пад лозунгам "Чэхія на першым месцы", пішуць České noviny. Дэманстранты трымалі чэшскія сцягі, плакаты з лозунгамі супраць ЕС і НАТА, прэм'ер-міністра Пятра Фіялы, павышэння цэн на энерганосьбіты і заклікалі да нейтральнасці і дыялогу з Расіяй.

Сярод патрабаванняў прысутных была адстаўка цяперашняга кааліцыйнага ўрада кансерватыўнага прэм'ер-міністра Пятра Фіялы. Яго крытыкуюць за празаходнюю палітыку і падтрымку Украіны: нібыта ўкраінцам Чэхія дапамагае больш, чым уласным грамадзянам.

Таксама арганізатары акцыі, сярод якіх Камуністычная партыя Чэхіі і еўраскептычны рух "Трыкалор", настойваюць, каб урад дазволіў іх экспертам весці перамовы з Расіяй па набыцці газу і нафты.

"Чэшскай Рэспубліцы патрэбны чэшскі ўрад. Урад Фіялы можа быць украінскім, магчыма, брусельскім, але дакладна не чэшскім", — упэўненая кіраўніца "Трыкалора" Зузана Маера Заграднікава.

Па яе словах, урад павінен знізіць падаткі, у тым ліку ПДК, і адмяніць антырасійскія санкцыі, якія наносяць урон чэшскім бізнесменам. Яна таксама патрабуе спыніць пастаўкі зброі ва Украіну.

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Фіяла заявіў, што пратэст на Вацлаўскай плошчы быў арганізаваны "прарасійскімі сіламі, блізкімі да экстрэмісцкіх пазіцый", інтарэсы якіх супярэчаць інтарэсам Чэхіі.

Пратэст у Празе адбыўся праз дзень пасля таго, як урад не падтрымаў вотум недаверу кааліцыі Пятра Фіялы на фоне заяваў апазіцыі аб бяздзейнасці супраць інфляцыі і коштаў на энерганосьбіты. Галасаванне паказала, як энергетычны крызіс і рэкордная інфляцыя ў Еўропе падсілкоўваюць палітычную нестабільнасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі