Чые заўзятары стаяць у чарзе па квіткі на БАТЭ — “Баварыя”?
“Увогуле я заўзятар “Баварыі”. Але сёння буду за БАТЭ, бо гэта Радзіма мая, Беларусь!” Слухайце надзённае вулічнае апытанне ад Еўрарадыё!
“Вядома, за БАТЭ! Я магу сказаць, як заўзятар “Мілана”. Калі летась прыязджаў “Мілан”, я ўсё адно быў за БАТЭ. Бо гэта родны клуб”, — адказвае на маё пытанне дужы хлопец з сярэдзіны чаргі.
Часта кажуць, што будуць балець “за прыгожы футбол”, правакую я. Дык зразумела ж, хто будзе прыгожы футбол паказваць!
“Мы, вядома, за прыгожы футбол, — адказвае заўзятар, якому гадоў пад 50. — Але, пагадзіцеся, з “Лілем” БАТЭ паказалі прыгожы футбол! Паказалі французам, што і мы можам таксама, вось і ўсё!”
Заўжды цікава, за каго балеюць дзяўчаты, якія стаяць шматгадзінную чаргу па квіткі на футбол.
“Увогуле, у мяне ў планах нічыя, каб пасля з групы выйшлі і “Баварыя”, і БАТЭ!” — выдае ў сабе фанатку “Баварыі” прыгожая дзяўчына з сярэдзіны чаргі.
Падыходжу да бландынкі, якой да вакенца касы засталося ўсяго нічога — метры тры. Але гэтыя метры — самыя шчыльныя…
“Я хачу ўзяць два квіткі: сабе і хлопцу. А балею я за “Баварыю”, на яе варта паглядзець у кожным выпадку! Спадзяюся, мяне фанаты БАТЭ зараз не падзяруць… Чаму? Ды проста таму, што мой хлопец а “Баварыю”, і я цяпер таксама за яе!”
Заўважаю ў чарзе кітайцаў. Іх, натуральна, шмат. Трымаюцца, як заўжды, разам.
“О, я думаю, Барысаў — гэта вельмі добра! — адказвае адзін з іх. — Я жыву ў інтэрнаце №5 БДУ, вы ведаеце, гэта зусім недалёка ад стадыёна “Дынама”. Я часта хаджу на футбол!”
У чарзе стаіць хлопчык на мыліцах, гадоў дзесяці, з паламанай нагой.
“Я за “Баварыю", — спачатку прызнаецца ён, але, калі я быццам бы абураюся, адразу “прагінаецца”. — Я за прыгожы футбол! 50 на 50”.
“Мы балеем за кароткія чэргі!” — кажуць два маладыя хлопцы. Падыходжу да іх. “За нашу краіну!” — удакладняюць яны свае пазіцыі.
“З гледзішча патрыятызму, буду балець за БАТЭ. "Баварыю" я з дзяцінства паважаю як клуб. Прафесійныя футбалісты і ўсё астатняе. Проста буду глядзець цікавы футбол”, — не так шчыра, як мог бы, але ўсё ж прызнаецца ў сімпатыях да нямецкага клуба хлопец гадоў трыццаці.
Фанаў “Баварыі” ў чарзе дастаткова, але прыхільнікаў БАТЭ ўсё ж больш.
“Мой прагноз — 2:1 на карысць БАТЭ. Вынік матча з “Лілем” я ўгадаў. І цяпер спадзяюся ўгадаць, бо гэты прагноз — ад сэрца!” — кажа адзін з заўзятараў. Што ж, усе мы спадзяемся. А, не, амаль усе, бо на іншым баку чаргі ставяць на хет-трык Гомеса.