Чылійскага паэта і нобелеўскага лаўрэата Пабла Неруду атруцілі
Пабла Неруда / АР
Чылійскага паэта і нобелеўскага лаўрэата па літаратуры (1971) Пабла Неруду атруцілі. Да такой высновы прыйшла міжнародная група судова-медыцынскіх экспертаў, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Неруда памёр паўстагоддзя таму — у 1973-м. Якраз у Чылі адбыўся вайсковы пераварот, сацыялістычны ўрад Сальвадора Альендэ, з якім сябраваў паэт, быў зрынуты.
Пра высновы следчых распавёў пляменнік Пабла Неруды Радольфа Рэес. Былі прааналізавалі ўзоры бактэрыі Clostridium botulinum, выяўленай у целе Неруды падчас папярэдняга расследавання ў 2017 годзе (іх выявілі на адным з эксгумаваных зубоў). Эксперты прыйшлі да высновы, што бактэрыя была эндагеннай — трапіла ў арганізм паэта звонку (не з труны і не з навакольнага асяроддзя). Магутны таксін, які выпрацоўвае згаданая бактэрыя, выклікае параліч нервовай сістэмы і смерць. Аналізы правялі ў дацкіх і канадскіх лабараторыях.
"Суддзя пакуль не можа рабіць ніякіх заяў, бо яна павінна мець усю інфармацыю", — дадаў пляменнік.
Паводле афіцыйнай версіі, адной з галоўных прычын смерці паэта праз 12 дзён пасля вайсковага перавароту стаў рак. Пабла Неруда збіраўся эміграваць у Мексіку, але за дзень да ад'езду яго забрала "хуткая". У бальніцы ён неўзабаве памёр, яму было 69 гадоў. Афіцыйная версія смерці паэта і раней ставілася пад сумненне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.