Ці могуць прайсці выбары ў Беларусі без Лідзіі Ярмошынай
Пакуль старшыня ЦВК наведвае Аўстрыю, Еўрарадыё даведалася, што ў беларускіх выбарах залежыць ад нязменнай Лідзіі Міхайлаўны.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп
Як бачым, яна можа абысціся і без кіраўніка ЦВК. Прычына насамрэч простая: пералік неабходных для рэгістрацыі ўмоваў падрабязна абазначаны і на сайце ЦВК, і ў Выбарчым кодэксе. Таму калі адкінуць уплыў старшыні Цэнтрвыбаркама на змены ў выбарчае заканадаўства, то рэгістрацыя групы — справа хутчэй тэхнічная. На паседжанні 16 ліпеня Лідзія Ярмошына нават крыху расказала, як правяраюцца дакументы, пададзеныя патэнцыйнымі кандыдатамі. “Мы не абзвоньваем сябраў ініцыятыўнай групы. Проста падлічваем іх колькасць, сочым, каб колькасць лічбаў у нумарах пашпартоў была стандартнай. Глядзім, каб серыі пашпартоў адпавядалі тым, якія існуюць у Беларусі”, — расказала яна.
Калі ўсё сказанае адпавядае рэчаіснасці, то ўдзел кіраўніцтва ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўных груп насамрэч зводзіцца да банальнага галасавання, вынік якога загадзя вядомы.
Абсталяванне ўчасткаў
На гэта ЦВК таксама не мае ўплыву. Рэч у тым, што клопат па абсталяванні выбарчых участкаў падчас абсалютна ўсіх кампаній ляжыць выключна на плячах уласнікаў тых памяшканняў, дзе ўчасткі размяшчаюцца. То бок калі выбарчы ўчастак знаходзіцца ў школе (што хутчэй за ўсё), то яго абсталяванне залежыць выключна ад дырэктара і заўхоза гэтай самай школы і больш ні ад кога. Таму дакараць Цэнтрвыбаркам у тым, што выбары праходзяць без празрыстых скрыняў, не зусім правільна. На тым жа вясновым паседжанні ЦВК Ярмошына ў прысутнасці журналістаў прасіла кіраўнікоў абласных аддзяленняў Цэнтрвыбаркама паспрыяць з’яўленню празрыстых скрыняў у рэгіёнах. Адказы былі амаль аднолькавымі: “За абсталяванне адказваюць самі участкі, а адкуль у школах лішнія грошы? Яны хутчэй зробяць скрыні з фанеры”.
Выбарчыя камісіі
“На іх склад ЦВК ніяк не ўплывае. Выбарчыя камісіі фармуюцца на месцах мясцовымі органамі ўлады, часцей за ўсё ў райвыканкамах. І яны цалкам залежаць ад іх. Нашмат больш, чым ад Лідзіі Ярмошнай і ЦВК увогуле”, — тлумачыць эксперт па выбарчым праве Сяргей Альфер. Таксама расказвае, што людзей у камісіі звычайна падбіраюць мясцовыя ідэолагі. “Гэта даўно правераныя людзі, яны ўваходзяць у выбарчыя камісіі падчас самых розных кампаній. З гэтымі людзьмі мясцовыя ўлады ніколі не маюць праблем і выкарыстоўваюць іх падчас усіх выбараў. ЦВК да іх не мае ніякага дачынення”, — расказвае эксперт.
Падлік галасоў
З ім сітуацыя такая самая, як з камісіямі. Альфер гаворыць, што нават Лідзія Ярмошына атрымлівае толькі канчатковыя пратаколы з акруговых камісій і ўсяго толькі агучвае іх пасля нескладаных падлікаў. “У падліку ўдзельнічаюць толькі тыя людзі, якіх прызначаюць мясцовыя выканкамы, то бок выканаўчая ўлада. ЦВК да гэтага не мае дачынення. Людзі, якія лічаць галасы на выбарчых участках і потым перадаюць гэтыя звесткі вышэй, не падпарадкоўваюцца ЦВК. Для іх нашмат большы аўтарытэт — прадстаўнік мясцовай улады, ідэолаг, а ніяк не Лідзія Ярмошына і ЦВК”, — перакананы Сяргей Альфер.
Агучванне вынікаў
А вось тут акурат поўная ўлада Цэнтрвыбаркама. Вынікі выбараў агучвае асабіста Лідзія Ярмошына ў прысутнасці свайго сакратара Мікалая Лазавіка. Звычайна гэта адбываецца ў Палацы Рэспублікі, вечарам у дзень выбараў ладзіцца прэс-канферэнцыя, затым уначы агучваюцца папярэднія вынікі. Пасля канчатковыя. Усё гэта робіць Ярмошына асабіста.
Фота svaboda.org, belapan.com