Ці разыдзецца Майдан пасля заявы пра датэрміновыя выбары?
Апазіцыя падпісала “мірнае пагадненне з Януковічам”, але частка пратэстоўцаў патрабуе адстаўкі прэзідэнта і не плануе разыходзіцца.
Увечары, 20 лютага, Вярхоўная Рада Украіны забараніла праваахоўнікам ужываць зброю супраць пратэстоўцаў і загадала “вярнуць у месцы дыслакацыі міліцыянтаў і вайскоўцаў”. А 21 лютага прэзідэнт краіны даў згоду на датэрміновыя выбары і вяртанне да Канстытуцыі 2004 года, якая павышае ролю парламента і абмяжоўвае магчымасці кіраўніка краіны. Як гэта зменіць сітуацыю?
Па словах дэпутата Вярхоўнай Рады Андрэя Паўлоўскага, Пастановы Вярхоўнай Рады абавязковыя да выкання па ўсёй тэрыторыі Украіны, як і законы. І тыя ж вайскоўцы ўжо выконваюць загад і не рушаць з частак у Кіеў.
Андрэй Паўлоўскі: “У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, Януковіч не мае права зацвярджаць пастановы Вярхоўнай Рады — яны юрыдычна самадастатковыя. І абавязковыя да выканання! За невыкананне нарматыўных дакументаў Вярхоўнай Рады прадугледжаная крымінальная адказнасць. Невыкананне стане крымінальным злачынствам”.
Тым не менш, і раніцай 21 лютага на вуліцах Кіева заставаліся байцы “Беркута” і ўнутраных войск. Па словах украінскага дэпутата, даць ім загад сысці з вуліц мусіў асабіста міністр унутраных спраў Захарчанка. А той чакаў адпаведнага загаду ад кіраўніка краіны. І гэтым непадпарадкаваннем пастанове парламента, сцвярджае Паўлоўскі, міністр парушае закон.
Пакуль міністр чакаў асабістага загаду ад Віктара Януковіча вывесці з вуліц “Беркут” і зняць з дахаў снайпераў, кіраўнік краіны аб’явіў пра датэрміновыя выбары і вяртанне да Канстытуцыі 2004 года.
Толькі позна ён гэта зрабіў, упэўнены былы міністр абароны Украіны, адзін з лідараў Майдана Анатоль Грыцэнка. Людзей гэта ўжо не задаволіць.
Анатоль Грыцэнка: “Цяпер людзі патрабуюць адстаўкі тэрмінова. Бо менавіта з ім звязваюць тысячы параненых, скалечаных і сотні забітых. Таму я ўпэўнены, што людзі, якія выйшлі бараніць свае правы на Майдан, не ўспрымуць гэтыя прапановы”.
А калі іх “успрымуць” лідары апазіцыі, то Майдан назаве іх здраднікамі, папярэджвае Анатоль Грыцэнка. Тым не менш, ужо вядома, што партыі “Бацькаўшчына”, “Свабода” і “УДАР” падтрымалі “мірнае пагадненне з Януковічам”. У кожным выпадку, кажа былы міністр абароны, Майдан разыходзіцца адразу пасля заявы Януковіча не збіраецца.
Людзі на Майдане не разыдуцца, пакуль не ўпэўняцца, што дамовы і заявы палітыкаў – не пустыя дэкларацыі, упэўнены мэр Львова Андрэй Садовы.
Андрэй Садовы: “Пакуль мы маем толькі дэкларацыі. Калі людзі на Майдане ўбачаць рэальныя дзеянні з боку ўлады і апазіцыі, тады яны іх падтрымаюць. Калі гэта будзе імітацыя – Майдан не спыніцца!”
З тым, што прапановы кіраўніка краіны не ўспрыме частка пратэстоўцаў, згодны і старшыня праўлення Інстытута ўкраінскай палітыкі, сябра Гуманітарнага савета пры прэзідэнце Украіны Косць Бандарэнка. І прадказвае, што радыкалы на Майдане будуць патрабаваць неадкладнай адстаўкі Януковіча. Што да даты правядзення выбараў…
Косць Бандарэнка: “Калі прэзідэнт ужо аб’явіў датэрміновыя выбары, то паводле Канстытуцыі, калі яны аб’яўленыя, яны павінны быць праведзеныя прэзідэнтам ў трохмесячны тэрмін”.
Праўда, удакладняе, што, магчыма, дату могуць прызначыць па выніках “перамоўнага працэсу” і яна можа выйсці за межы трох месяцаў. Паводле інфармацыі Еўрарадыё, дату правядзення датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў будзе прызначаць парламент — пасля разгляду гэтага пытання ў камітэце па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні. Калі гэты разгляд пройдзе, пакуль не вядома.
Але галоўнае, дадае суразмоўца Еўрарадыё, што праваахоўнікам ужо аддадзены загад не страляць.
Фота: dn.ua