Ці стане прасцей звярнуцца да чыноўнікаў?
Еўрарадыё патэставала на бюракратах новую антыбюракратычную дырэктыву.
Часцей праводзіць жывыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з грамадзянамі — гэтыя абавязкі ўскладаюцца на чыноўнікаў у дадатку да Дырэктывы №2 аб дэбюракратызацыі. Стаўленне да грамадзян павінна быць добразычлівым, а па кожным выпадку фармалізму і прадузятасці павінны праводзіцца праверкі!
Ці стануць чыноўнікі бліжэй да электарату, высвятляе Еўрарадыё ў начальніка аддзела ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Кліцунова.
“Вось, са студзеня ў кожным аблвыканкаме па суботах мы праводзім жывыя лініі. Па серадах таксама будуць прыёмы. Калі раней прыём грамадзян быў раз на месяц, то цяпер — чатыры разы, бо вельмі многа зваротаў, гэта зменшыць чэргі. Улады павінны сустракацца з людзьмі”, — нічога новага ў дырэктыве Аляксандр Іванавіч для сябе не знайшоў.
Чыноўнікі Мінскага аблвыканкама дапаўненні ў антыбюракратычную дырэктыву чыталі, але ад тлумачэнняў адмаўляюцца са словамі “разбяромся, я на працы”. Вось табе і добразычлівае стаўленне да грамадзян. Сістэма ацэнкі працы дзяржорганаў дырэктывай таксама прадугледжаная. За такія адносіны я б паставіла ноль балаў.
Чыноўнікі з Брэсцкага аблывыканкама разам са мной чытаюць дырэктыву, толькі даслалі. Яны яшчэ будуць “распрацоўваць меры”, але “зробяць усе магчымае”.
“Гэтая ж дырэктыва і была, але мо яна аднавілася, каб мы былі пільнейшымі да праблем грамадзян”, — кажуць мне ў Брэсце.
У міністэрстве працы пакуль не каментуюць дырэктыву, бо на распрацоўку мер па дэбюракратызацыі даецца ажно тры месяцы!
“Мы былі і застаемся самымі адкрытымі для нашых грамадзян. У нас існуюць дні інфармавання, мы праводзім жывыя лініі, інфармацыя адкрытая на сайце. Здаецца, так, як у нас у Мінгарвыканкаме адкрытыя да грамадзян, нідзе няма! — падкрэслівае прэс-сакратар Мінгарвыканкама Ілона Немава.
Адна праблема — на сайт заходзяць адзінкі! Толькі журналісты, а не звычайныя людзі. У Мінгарвыканкаме наракаюць на тэлефон, маўляў, людзі лічаць, што па тэлефоне вырашаць праблемы эфектыўней”.
Тут збіраюцца з бюракратыяй змагацца віртуальна.