Ці выгадна пераехаць з Оршы ў Мінск?
Беларусы едуць працаваць у Мінск, нягледзячы на тое, што пры такім заробку і коштах на жыллё ўзровень жыцця амаль не змяняецца.
Аршанка Ірына працавала ў родным горадзе інжынерам, атрымлівала 2,8-3 мільёны. Ад 1 жніўня дзяўчына ў родным горадзе працу кінула, вывучае вакансіі ў сталіцы.
“Чаму Орша не падабаецца? Маленькі горад, мала магчымасцяў. Я там вучылася завочна, у мяне там многа сяброў, а тут кола звузілася, многія вышлі замуж”.
Еўрарадыё: А перспектыва зняць кватэру за 350 долараў не палохае?
Ірына: "Ну, калі я буду атрымліваць шэсць мільёнаў і здымаць кватэру мільёны два... Я ўзяла ў сярэднім, калі з кімсьці пакой здымаць. А кошты на ежу, мне здаецца, аднолькавыя. А вопратку — можна нарвацца на распродаж".
Знайсці працу пакуль не ўдаецца — усім патрэбны спецыялісты з вопытам. Дзяўчына не губляе надзеі. Але Ірына не задумваецца, што пры такім заробку і неабходнасці здымаць жыллё ўзровень яе сталічнага жыцця амаль не зменіцца.
Яе зямлячка Юля мяняць месца працы не збіраецца. Мо дзяўчына і пераехала б з райцэнтра ў Мінск, але стрымлівае дзіця і дэфіцыт месцаў у садках. Юля называе яшчэ негатыўныя моманты: далёкія адлегласці ад працы да дома, патрэбнасць здымаць жыллё.
“Дзіця ні з кім не пакінеш, трэба садок, а з садкамі ў Мінску праблематычна. Да таго ж, трэба здымаць жыллё, а гэта дорага. Мы брату шукалі кватэру, ён у БДУІР паступіў, дык пакой (!) 200 долараў! Але добра, што без камунальных плацяжоў — 200 долараў і ўсё”, — распавядае дзяўчына. Параўноўвае і кошты на арэнду ў двухмільённым Мінску і 120-тысячнай Оршы. Зняць кватэру ў Оршы каштуе каля 100 долараў, а ў Мінску сярэдні кошт укамплектаванай аднапакаёўкі — у тры з паловай разы большы.
Юля распавядае, што таксама шукае працу — раней працавала ў 17-тысячных Клімавічах у райвыканкаме, а зараз перабралася ў Оршу да бацькоў.
“У Оршы інфраструктура неяк лепей. Да прыкладу, у Клімавічах не было нават добрых цырульнікаў. Былі адна-дзве дзяўчыны, да якіх трэба было запісвацца. У Оршы бальніца ёсць, а ў Клімавічах дэфіцыт з дактарамі”, — кажа Юля і дадае, што па яе працы — а ў яе дзяржаўная служба — паўсюль будзе нізкі заробак.
Што шукаюць у Мінску беларусы, адказвае Вольга — памочнік генеральнага дырэктара вядомай гандлёвай сеткі. Дзяўчына родам з Новалукомля. Вольга кажа, што ў яе родным горадзе проста няма дзе зачапіцца — знайсці працу складана, вучыцца няма дзе, бо ў горадзе адно прафтэхвучылішча, а заробкі прапаноўваюць мізэрныя.
“Я перакладчык, а ў гэтую гандлёвую сетку прыйшла працаваць даўно — спачатку думала, што гэта часовая праца, але я ў Мінску ўжо 12 гадоў, і не шкадую. Тут вельмі цікава працаваць”.
Дзяўчына разам з сяброўкай здымае пакой — ад яе бюджэту гэта 150 долараў. Нягледзячы на такія выдаткі, пераязджаць не збіраецца.