Ці ёсць у Еўразійскім эканамічным саюзе дзверы з надпісам “Выхад”?

Еўразійскі эканамічны саюз, а яшчэ СНД, Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі, Мытны саюз… А калі мы заўтра вырашым павярнуцца ў іншы бок — ці зможа наша краіна выйсці з гэтых саюзаў?
 
Магчымасць выхаду з СНД пацверджаная на практыцы Грузіяй. Працэс выглядае наступным чынам: 14 жніўня 2008 года парламент гэтай краіны прымае пастанову аб спыненні дзеяння ў дачыненні да Грузіі “Пагаднення аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў”. МЗС Грузіі накіроўвае ў Выканаўчы камітэт СНД ноту, і праз год, 18 жніўня 2009 года, фармальны працэс выхаду Грузіі з СНД завершаны.
 
Тэарэтычна можна выйсці і з Мытнага саюза, упэўнівае беларускі палітолаг Аляксандр Сінкевіч. Па яго словах, Расія нават радая будзе, калі Мінск раптам выкажа такое жаданне.
 
Аляксандр Сінкевіч: “Мытны саюз створаны хутчэй нават пад ціскам Беларусі, і нам нявыгадна выходзіць. Бо для нас асноўны рынак збыту — Расія, і калі яна ўвядзе для нас мыты, як для трэціх краін, гэта будзе канчатковай катастрофай для нашай перарабляючай індустрыі. А выйсці — калі ласка, ніякіх праблем! Расія будзе толькі радая спаганяць поўныя мыты і за нафту, і за ўвоз беларускіх тавараў”. 
 
 
Але на прыкладзе Украіны мы бачым, як складана рэалізаваць гэтае права на выхад. Бо калі Украіна падышла да мяжы ратыфікацыі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС і, адпаведна, выхаду з Мытнага саюза, у Расіі спачатку пачалі палохаць Кіеў вялікімі эканамічнымі стратамі Украіны ад такога кроку — да 15 мільярдаў долараў праз абмежаванне імпарту ўкраінскіх тавараў з боку Мытнага саюза, а потым пачаліся і крывавыя падзеі на Данбасе і анексія Расіяй Крыма. У выніку Украіна і сёння ў складзе Мытнага саюзу і СНД. Хоць у 2014 годзе ў Вярхоўнай Радзе быў зарэгістраваны адпаведны дакумент.
 
Ну а што з Еўразійскім эканамічным саюзам — там ёсць дзверы з надпісам “Выхад”? Зрабіць гэта вельмі проста, сцвярджае Аляксандр Сінкевіч. Дастаткова перастаць выконваць пагадненні, прынятыя ў межах гэтага саюза. І кіраўнік Беларусі ўжо папярэдзіў пра такую магчымасць. 
 
Аляксандр Сінкевіч: “Афіцыйны Мінск ужо загадзя кажа: “Хлопцы, вы глядзіце: не выконваеце нават тое, пра што мы дамаўляліся, — ну, тады да пабачэння!” 
 
 
Цікава, а як выходзяць з іншых інтэграцыйных саюзаў, з таго ж ЕС, да прыкладу? Працэдура прапісаная ў адпаведных дакументах, распавядае літоўскі палітолаг Гінтаўтас Мажэйкіс.
 
Гінтаўтас Мажэйкіс: “Найперш патрэбны рэферэндум у краіне, потым — пацверджанне гэтага выхаду Сеймам, а пасля — адпаведны зварот да Еўрасаюза”.
 
 
Па працэдуры збіраецца адпаведная камісія ЕС, якая будзе вырашаць, як краіна, выходзячы з Еўрасаюза, будзе выходзіць з зоны Шэнген, еўразоны і гэтак далей. Працэс складаны, кажа Гінтаўтас Мажэйкіс, але магчымы. Праўда, ніхто ім яшчэ так і не скарыстаўся. Хоць перыядычна то Вялікабрытанія, то Грэцыя пачынаюць размовы аб выхадзе з еўразоны.
 
Фота: Змітра Лукашука, ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі