Ці застаюцца настаўнікі ў школе, калі заканчваецца размеркаванне?

“Я атрымала размеркаванне ў Крупскі раён, пасля гістфаку БДУ. У вёсцы, дзе працавала, нават газу не было праведзена. Бацькі мае жывуць у Барысаве, я ў іх жыла два гады. Кожную раніцу а пятай уставала, ехала ў вёску на працу, вярталася ў Барысаў ці ехала ў Мінск, бо ў мяне хлопец з Мінску”, — прыгадвае Еўрарадыё сваё жыццё на размеркаванні былая настаўніца гісторыі Наста Русакова.

Тры месяцы, як адпрацоўка завяршылася. Наста пакуль не працуе, жыве ў свайго хлопца ў Мінску. Але шукае працу, з варыянтаў — менеджар па продажах з заробкам у паўтара разу вышэйшым за школьны: 4 мільёны са старту.

Выпускнік энергетычнага факультэта БНТУ Арцём Шуканаў на адпрацоўку трапіў у Політэхнічны каледж. Ад размеркавання ўцёк у… войска!

“Там адразу заціснулі, далі двайную стаўку, пэўны час працаваў два тыдні без выхадных. Я з радасцю збег у войска, мне там нецікава было, у войску цікавей. А зараз працую ў IT-сферы распрацоўшчыкам”, — дзеліцца Арцём.

Заробак у 6-7 разоў вышэйшы за настаўніцкі, калі нават параўноўваць з двайной стаўкай выкладчыка каледжа. Але з пазітыўнага былы выкладчык прыгадвае студэнтаў: трапляліся разумныя і цікавыя.

“Працавала настаўніцай англійскай мовы да жніўня гэтага году. Першы час яшчэ вагалася: ці сыходзіць? Англійскую мову выкладала з беларускай. Дзеці разумелі. У школе можна рабіць больш, але сістэма працуе не так: больш увагі да папер, чым да вучняў. Дзяцей здымаюць з урокаў, каб паглядзець футбол. Высілкі ідуць у пясок”, — расказвае экс-настаўніца мінскай школы Анастасія Кухарэнка, яна цяпер працуе ў лагістычнай фірме.

Заробак мае ў паўтара разу вышэйшы за школьны і цешыцца, што можна распараджацца сваім часам, бо ён фіксаваны. З прыемнага ў школе колішняя настаўніца прыгадвае адносіны з калегамі і з дзецьмі. Але вяртацца назад не думае.

"Лічу дні да канца размеркавання", — адразу кажа выкладчыца англійскай мовы Сафія, якую размеркавалі год таму. У жніўні наступнага года будзе “вольная”:

“Няма павагі да настаўнікаў, няма аддачы, матывацыі да працы. Калі будавалася "Чыжоўка-арэна", склікалі настаўнікаў з усяго горада, каб прыбраць тэрыторыю”, — заўважае настаўніца.

Калі скончыцца размеркаванне, Сафія збіраецца займацца перакладамі  як фрылансар, таксама думае папрацаваць за мяжой.

У 2013 годзе з працы звольніліся 9587 педагагічных работнікаў, паведамляе Белстат. Але выкладаць набралі ўдвая больш: 19 051 новых.

Фота: www.mn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі