Ці з'едуць у найбліжэйшы час з Беларусі ўсе айцішнікі? Меркаванне Паўла Лібера
Пратэст каля ПВТ / dev.by
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных заявіў, што айцішнікі ў Беларусі неўзабаве будуць вымушаныя выбіраць: або праца на беларускую эканоміку, або эміграцыя ў іншыя краіны. Вядомы IT-прадпрымальнік Павел Лібер дзеліцца сваім меркаваннем пра наступствы такога выбару для Беларусі.
Як ставіцца да заявы Савіных?
— Гэта фраза была сказана ў кантэксце: увесь свет дзеліцца на ўмоўныя кластары (Еўропа, ЗША), якія не хочуць працаваць з іншымі. Нібыта праз пяць гадоў амерыканцы не захочуць працаваць з беларусамі. Таму вам давядзецца працаваць тут ці валіць адсюль.
Я ў корані не згодны з гэтым сцверджаннем. Наадварот, IT рухаецца ў бок глабальнага рынку. Усё больш еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній пранікаюць на рынкі Беларусі, Украіны, Расіі. На гэтых рынках шмат таленавітых айцішнікаў, якія моцна каціруюцца ва ўсім свеце. З імі будуць працаваць незалежна ад таго, дзе яны будуць знаходзіцца.
Як адрэагуюць айцішнікі? Ці плануюць яны пакінуць Беларусь?
— Размаўляючы са сваімі сябрамі ў Беларусі, я разумею, што ўсё большая колькасць людзей плануе з'язджаць з Беларусі ў самы бліжэйшы час. Абсалютная большасць людзей разумее, што ІТ пойдзе пад нож адной з першых індустрый. На гэта намякаюць інфармацыйныя пагрозы.
Лукашэнка кажа: ПВТ сваю ролю адыграў, разыходзімся. Праўладныя тэлеграм-каналы мусіруюць тэму таго, што айцішнікі — дармаеды, якія не плацяць падаткаў. Гэта ў корані няпраўда. Відаць, што пайшла негатыўная рыторыка ў бок IT, а за такой рыторыкай хутка прыходзяць актыўныя дзеянні.
У краіне грошай няма ад слова зусім, таму нейкую частку грошай паспрабуюць забраць з IT-сектара. Нядаўна прыйшлі ў "21 век" і "Юркас". Магчыма, у найбліжэйшы час пачнуць прыходзіць у IT-кампаніі. Не хацелася б гэтага, таму што сучасныя краіны якраз максімальна інвестуюць у IT.
Амаль усе бізнесы рухаюцца ў бок дыджыталізацыі. Але ў Беларусі гэтага, здаецца, не разумеюць — мяркуючы з выказванняў Савіных. Іх гарызонт планавання кароткатэрміновы: яны спрабуюць урваць грошай цяпер, каб пазбавіцца ад праблемы, але не разумеюць, як моцна гэта нашкодзіць краіне ў доўгатэрміновай перспектыве.
Цалкам эфір можна паглядзець ніжэй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.