Міратворцы ААН і ЕС ва Украіне: магчыма ці не — меркаванні экспертаў

Чаго хоча Украіна

Пётр Парашэнка вырашыў звярнуцца па дапамогу да міратворцаў ААН і Еўрасаюза. Рашэнне прэзідэнта падтрымаў Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, і, магчыма, ужо на наступным тыдні Вярхоўная рада на пазачарговым пасяджэнні зацвердзіць зварот Украіны да ААН і ЕС.

Разам з тым, прэзідэнт паўднёвай суседкі заявіў: “Мы не пагодзімся на такі фармат міратворчай місіі, які павінен легалізаваць шматтысячны расійскі кантынгент. І так такіх “міратворцаў” там ужо хапае”.

Парашэнка таксама адзначыў, што Украіна больш спадзяецца на паліцэйскую місію ЕС: “Гэта будзе найбольш эфектыўным гарантам бяспекі ў сітуацыі, калі слова міру не выконваецца ні Расіяй, ні тымі, каго яна падтрымлівае”.

Рэакцыя Расіі

Прадстаўнікі Расіі выказаліся супраць такіх мераў, называючы іх парушэннямі мінскіх дамоўленасцяў:

Пасол Расіі ў ААН Віталь Чуркін у чацвер заявіў:

“Дасягнуты мінскія дамоўленасці 12 лютага. Паводле гэтых дамоўленасцяў, у Данецкай і Луганскай рэспубліках будуць стварацца свае міліцыі. Назіранне за раёнам раз’яднання будзе праводзіць АБСЕ. Калі тут жа вылучаюцца нейкія іншыя схемы, то ўзнікае пытанне аб тым, збіраюцца выконваць мінскія дамоўленасці ці не”.

А старшыня Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін адзначыў:

“Вядома, мінскія дамоўленасці не прадугледжваюць такой меры, і, на мой погляд, гэта можа быць элементам эрозіі мінскіх пагадненняў”.

Рэакцыя прарасійскіх сепаратыстаў

Дзяніс Пушылін, упаўнаважаны прадстаўнік "ДНР" у інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу НТВ заявіў:

“Зварот СНБА Украіны да ААН аб ўводзе міратворцаў на расійска-ўкраінскую мяжу на Данбасе з’яўляецца парушэннем комплексу мераў па выкананні мінскіх пагадненняў аб мірным урэгуляванні ад 12 лютага, якім Украіне прадпісваецца пытанне мяжы ўзгадняць з апалчэннем. Прычым адбывацца гэта мусіць ужо пасля завяршэння муніцыпальных выбараў і канстытуцыйнай рэформы”.

Пушылін дадаў таксама, што ўлады “ДНР” і “ЛНР” рыхтуюць сумесны афіцыйны ліст кіраўнікам Расіі, Францыі і Германіі.

Меркаванні аналітыкаў і экспертаў

Былы дыпламат, эксперт па міжнародным праве, прадстаўнік дэлегацыі Украіны на перамовах з ЕС у 2007-2010 гадах Вадзім Трухан мяркуе, што Расія, як пастаянны член Савета бяспекі ААН, гэтае рашэнне заблакуе. І разам з тым, такая прапанова, хутчэй за ўсё, будзе адхілена ЗША, Вялікабрытаніяй і іншымі саюзнікамі Украіны ў ААН, піша нямецкае выданне Deutsche Welle.

Кампрамісным рашэннем магла б быць адсылка ва Украіну міжнароднага міратворчага кантынгенту, дзе Расія была б прадстаўлена толькі ваеннымі назіральнікамі.

“Але Расіі гэта не выгадна, — мяркуе судырэктар праграм знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі Цэнтра Разумкова Аляксей Мельнік. — Крэмль хоча бачыць ва Украіне менавіта расійскіх міратворцаў, каб пад іх выглядам ўвесці войскі. Як гэта было ў Абхазіі і Прыднястроўі”.

Палітычны аналітык Інстытута еўраатлантычнага супрацоўніцтва Уладзімір Горбач адзначае на гэты конт, што тэарэтычна такая аперацыя магчымая, але толькі пасля заканчэння актыўнай фазы баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны.

“Ніхто не будзе падстаўляць свае “блакітныя каскі” пад расійскія “Грады”. Да паліцэйскай місіі ў зоне канфлікту павінна папрацаваць ваенная місія, але ЕС наўрад ці на гэта пойдзе”.

Гэтак жа мяркуе і кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус. Ён адзначае, што просьбу Украіны размясціць міратворчы кантынгент на Усходзе краіны тэарэтычна можна было б разгледзець у выпадку стабілізацыі сітуацыі.

“Калі ёсць “гарачыя кропкі” і калі сітуацыя больш стабільная, тэарэтычна можна гэта абмяркоўваць. Я мяркую, калі б сілы былі адведзены ад канфрантацыйнай лініі, тэарэтычна ў гэтым прамежку можна было б размясціць міратворчыя сілы”, — сказаў міністр у чацвер BNS. — А як гэта будзе выглядаць на практыцы, трэба яшчэ пачакаць. Наколькі я зразумеў, з боку Расіі была негатыўная рэакцыя. Ведаючы ролю Расіі ў ААН — калі гэтая рэакцыя негатыўная, то складана разлічваць на нейкае рашэнне”, — дадаў міністр замежных спраў Літвы.

Разам з тым, існуе яшчэ адна магчымасць — выкарыстоўваць міратворчы мандат АБСЕ. Аднак эксперты сумняваюцца ў яго эфектыўнасці, піша Deutsche Welle.

Вадзім Трухан адзначае на гэты конт, што “ў АБСЕ няма ні досведу, ні рэсурсаў ўрэгулявання канфлікту міратворчым кантынгентам. Не было прэцэдэнтаў, каб такім чынам АБСЕ нешта урэгулявала”.

Дэпутат Еўрапарламента ад Германіі Эльмар Брок таксама адзначыў у інтэрв’ю нямецкай газеце Süddeutsche Zeitung, што з паразуменнем ставіцца да закліку прэзідэнта Парашэнкі размясціць на ўсходзе Украіны міжнародную міратворчую місію пад эгідай Еўрасаюза. Але ў прысутнасць “блакітных касак” на гэтых тэрыторыях дэпутат не верыць.

“Гэта наўрад ці магчыма, улічваючы той факт, што Расія мае права вета”, — сказаў ён і адзначыў, што цяпер перш за ўсё варта імкнуцца да пашырэння паўнамоцтваў місіі АБСЕ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі