Ці змянілася Украіна за два гады: меркаванні эксперта і звычайных жыхароў Кіева
Што стала з карупцыяй, старой сістэмай ўлады і наколькі Украіна наблізілася да Еўрасаюза — пра гэта ў матэрыяле Еўрарадыё.
Кіеў па-ранейшаму жыве багатым жыццём
“Нядаўна з начальнікам вярталіся з камандзіроўкі ў Львоў. Перавысілі хуткасць на 6 кіламетраў. Даішнік спыняе і кажа: “Ці не маглі б вы мне дапамагчы?” — Як? — “Ну, ці можаце вы дапамагчы мне на 100 грывен”. Дапамаглі мы яму і паехалі далей. Без штрафу”, — расказвае сцэнку з украінскага жыцця былы мінчанін Аляксандр.
Ён пераехаў ва Украіну з Беларусі амаль адразу пасля перамогі Еўрамадана, усе перамены адбываліся на вачах. Аляксандр кажа, што людзі ў Кіеве па-ранейшаму жывуць больш заможна, чым у Мінску. А арэнда жылля цяпер прыкладна ў паўтары разы ніжэйшая, чым у беларускай сталіцы. У правінцыі, праўда, інакш: “У Кіеве дарагія машыны, гламурныя рэстараны і клубы, поўныя людзей. Багатыя людзі з Данбаса ўсе пераехалі ў сталіцу, шмат такіх прыезджых тут. Паліцыя новая, якая не бярэ хабары. А вось варта выехаць за межы Кіева, у Харкаў напрыклад, там усё, як раней, магчыма нават горш — людзі жывуць вельмі бедна і гэта заўважна”.
Што змянілася ў Кіеве за год з пачатку Еўрамайдана (фота)
“Я ніколі не забуду, як мяне білі ў Марыінскім парку, як я паўтары гадзіны ляжаў на снезе пры марозе -18, як я чакаў 15-гадовага турэмнага тэрміну. Я ніколі не забуду, якімі сіламі мы перамаглі гэтую узурпаваную ўладу”
“Сістэму, якая засталася з часоў Кучмы, так і не зламалі”
“Што было зроблена пасля перамогі Майдана? Я вам лепш скажу, што не зрабілі. Не зрабілі самае галоўнае — не зламалі сістэму. Сістэму, якая ва Украіне застаецца нязменнай яшчэ з часоў Кучмы. І таму любая барацьба з карупцыяй, люстрацыя — усё гэта не набывае патрэбнай формы. Бо змагацца ж трэба не з праявамі карупцыі, а з яе прычынамі. І не агулам з усімі тымі чыноўнікамі, якія працавалі ў часы Януковіча. Трэба вызначыць канкрэтную віну кожнага”, — расказвае кіраўнік Інстытута украінскай палітыкі Косць Бандарэнка.
Палітолаг перакананы, тыя людзі, якія “дарваліся да ўлады пасля ўцёкаў Януковіча”, увесь час прыкрываюцца вайной на Данбасе і створанымі Крамлём праблемамі. А не дэманструюць новыя формы кіравання дзяржавай, прыводзячы да ўлады новых людзей.
Паказуха
“Было вельмі мала эфектыўных дзеянняў. Але затое шмат паказухі”, — расказвае Бандарэнка. І прыводзіць прыклад. У канцы сакавіка проста падчас паседжання Кабінета міністраў супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Сяргей Бачкоўскі. На высокага чыноўніка кайданкі адзелі проста перад тэлекамерамі, сюжэт паказалі па ўсіх тэлеканалах. Абвясцілі, што падазраюць у крадзяжы гаруча-змазачных матэрыялаў. Далей — цемра, кажа Бандарэнка: “А пасля гэтага яго справу ціха і спакойна спусцілі, ніхто не ведае нават, на якім этапе яна знаходзіцца”.
Як і не адна сотня крымінальных спраў, распачатых пасля расстрэлаў пратэстоўцаў на Майдане, пажару ў будынку прафсаюзаў. Хутка ўжо два гады, але ніводнага суда так і не адбылося.
“Колькі было размоваў пра тое, што мы пабудуем вялізны мур на мяжы з Расіяй, колькі грошай на гэта выдаткавалі з бюджэту. Але як толькі грошы далі, адразу пра гэтую сцяну забыліся, а лёс грошай не вядомы. І расказваць пра падобныя рэчы можна вельмі доўга”, — дадае Бандарэнка.
Вярхоўная Рада прыняла закон аб люстрацыі
"За праект закона аб "ачышчэнні улады" (люстрацыі) прагаласавалі 252 з 450 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны, што азначае прыняцце дакумента ў першым чытанні"
“Людзі былі ўпэўненыя, што адбудуцца перамены да лепшага”
“У красавіку, у траўні 2014-га, пасля перамогі Майдана людзі былі ўпэўненыя, што адбудуцца перамены да лепшага. Але потым эйфарыя прайшла. І цяпер людзі больш маўчаць. Жыццё насамрэч ні ў каго лепшым не стала асабліва. Камунальныя плацяжы растуць, курсы долара і еўра таксама”, — расказвае былы мінчанін Аляксандр.
І дадае, што цяпер мала ад каго ў Кіеве можна пачуць пра падтрымку Пятра Парашэнкі, хутчэй, наадварот — вельмі шмат крытыкі, як некалі ў адрас Януковіча. З той розніцай, што людзі ўжо не бачаць альтэрнатывы і не заўсёды разумеюць, што рабіць далей. “Людзі, з аднаго боку, не асабліва падтрымліваюць Парашэнку, а з іншага не ведаюць, каму іншаму можна даверыцца. Ступар у людзей”, — гаворыць беларус. І аддае, што па яго назіраннях, да Еўрасаюза украінцы ставяцца цяпер прыкладна гэтаксама: “Спадзяваліся на крэдыты, на падтрымку, на нейкія праграмы. Але ў выніку пакуль гэтага нічога не было”.
Дамова аб Асацыяцыі дагэтуль не ратыфікаваная Нідэрландамі
“Украіна ратыфікавала Дамову аб асацыяцыі. Цяпер гэта робяць асобныя краіны Еўрасаюза. Поўная яе ратыфікацыя адкладаецца да 6 красавіка 2016 года. Тады ў Нідэрландах павінен прайсці рэферэндум — ратыфікаваць дамову з Украінай, альбо не ратыфікаваць”, — кажа Косць Бандарэнка.
Пры гэтым красавіцкі рэферэндум у Нідэрландах — зусім не фармальнасць. Калі больш за 30% грамадзян гэтай невялікай краіны выкажуцца супраць, то Дамова аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай, па словах украінскага палітолага, “пацерпіць крах”. То бок ніколі не пачне працаваць на поўную сілу і пра больш цесную інтэграцыю з ЕС можна будзе забыцца. Як прагаласуюць грамадзяне Нідэрландаў пасля катастрофы самалёта над Данбасам, таксама няпростае пытанне.
У дадатак Бандарэнка нагадвае і пра падвешанае пытанне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж краінамі Еўрасаюза і Украінай. Калі вясной 2014 года пра гэта гаварылі амаль, як пра рэальнасць, то восенню 2015-га пасля праблем з сірыйскімі уцекачамі і тэрактаў у Францыі аптымізму куды менш.
За што Майдан палюбіў Лукашэнку
“Гэта геапалітычны інтарэс Беларусі. Украіна, якая супрацьстаіць Расіі, контрпунктуе ёй ― гэта вам выгадна. Калі б Расія паглынула Украіну, то сферы ўплыву змясціліся б. Змяніліся б геапалітычныя прыцягненні”
Галоўнае дасягненне — унутраная свабода
Ці ўсё так безнадзейна? Акрамя ужо згаданай паліцыі, якая не бярэ хабары, з вуліц Кіева і іншых гарадоў Украіны знікаюць старыя савецкія назвы, помнікі савецкім дзеячам. Украінцы гавораць, што гэта важныя крокі, яны змяняюць твар краіны. А за апатыяй і недаверам да новай улады, які паступова расце, можна заўважыць і рост унутранай свабоды украінцаў. Жыхарка Кіева Вікторыя распавядае, што гэта, відаць, самае галоўнае дасягненне Еўрамайдана на сённяшні дзень: “Людзі сталі больш адкрытымі, больш турбуюцца адзін пра аднаго. Больш цяпла з’явілася. Гэта нават адчуваецца. На вуліцах, на асабістым узроўні. Мне здаецца, гэта галоўная перамена, якая адбылася ва Украіне пасля Майдана”.
Пытанне ў тым, ці на гэта спадзяваліся украінцы два гады таму, у канцы 2013-га.