Ціханоўскі прайграў суд падатковай за 900 000 долараў, знойдзеных за канапай
Суд Савецкага раёна Гомеля прыняў рашэнне па грамадзянскай справе палітвязня Сяргея Ціханоўскага супраць падатковай інспекцыі.
Падатковая хацела спагнаць з Ціханоўскага павышаны падатак за 900 тысяч долараў. Гэтыя грошы следчыя знайшлі пры трэцім ператрусе на яго лецішчы ў чэрвені 2020 года. Паведамлялася, быццам грошы былі ў пакеце за канапай.
Ціханоўскі абскарджваў рашэнне падатковай. У скарзе ён пісаў, што гэта не яго грошы і ён не ведае пра іх паходжанне. Сам блогер з 29 траўня 2020 года знаходзіцца пад вартай.
Суд быў закрытым — па хадайніцтве падатковай.
"Рашэнне не на нашу карысць. Пачакаем матывіровачную частку і будзем яго абскарджваць", — паведаміла ў каментары Радыё "Свабода" Наталля Мацкевіч, адвакатка палітвязня.
Цяпер падатковая будзе спаганяць з Ціханоўскага амаль 258 тысяч рублёў.
Самі 900 тысяч долараў, як заяўлялі ў Следчым камітэце, пойдуць на кампенсацыю шкоды па справе Ціханоўскага. Яго абвінавачваюць у тым ліку ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.