Ціханоўская — ААН: патрэбныя новыя механізмы абароны правоў чалавека ў Беларусі

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

ААН неабходна выпрацаваць новыя механізмы для абароны правоў чалавека ў Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў звароце Святланы Ціханоўскай да генсакратара ААН з нагоды дэнансацыі мінскім рэжымам пагаднення, якое дазваляла беларусам падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека.

У 1992 годзе для Беларусі набыў моц факультатыўны пратакол №1 да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з ім грамадзяне Беларусі, якія вычарпалі ўсе сродкі юрыдычнай абароны ўнутры краіны, маглі падаваць індывідуальныя скаргі ў ААН аб парушэнні сваіх правоў. У кастрычніку 2022 года рэжым Лукашэнкі ініцыяваў дэнансацыю гэтага пагаднення.

Ціханоўская падкрэсліла, што такім крокам рэжым Лукашэнкі пазбаўляе беларусаў "ці не апошняга механізму звароту па міжнародную абарону, як гэта прадугледжана артыкулам 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта наўмысна і груба адрывае беларусаў ад міжнароднага права".

Ціханоўская заклікае ААН выкарыстаць дадатковыя механізмы для публічнага асвятлення і расследавання парушэнняў правоў чалавека, аднаўлення правоў пацярпелых і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Пры неабходнасці, мяркуе яна, трэба ўвесці "новыя механізмы, якія б адэкватна вырашалі бягучы крызіс правоў чалавека ў Беларусі".

На разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека знаходзіцца шмат скаргаў ад беларусаў. Таму Ціханоўская выказала гатоўнасць супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека.

Ад імя беларускага народа яна пацвердзіла гатоўнасць надалей прытрымлівацца палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і выконваць адпаведныя міжнародныя абавязанні.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі