Ціханоўская — пра тры магчымыя сцэнары пераменаў у Беларусі
Святлана Ціханоўская ў Ковенскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага
6 траўня кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская выступіла з лекцыяй у Каўнаскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага. Яна гаварыла пра ролю дэмакратычнай Беларусі ў бяспецы Усходняй Еўропы. Асобна Ціханоўская спынілася на трох магчымых сцэнарах пераменаў у нашай краіне.
Першы з іх прадугледжвае перамогу Украіны ў вайне з Расіяй, і "Беларусь атрымлівае яшчэ адзін гістарычны шанец". "Чым слабейшы Пуцін, тым слабейшы Лукашэнка, — цытуе словы Ціханоўскай "Позірк". — Без падтрымкі Расіі рэжым Лукашэнкі не зможа ўтрымаць уладу, што адкрывае для нас акно магчымасцяў. Таму дапамога Украіне для перамогі ў вайне — наш нацыянальны інтарэс".
Другі сцэнар прадугледжвае "кампраміс або ўгоду з Пуціным, якая замарозіць канфлікт". Па словах Ціханоўскай, такога развіцця падзей "пажадана пазбегнуць". Інакш ёсць рызыка, што Беларусь застанецца пад кантролем Расіі, а "ў абодвух дыктатараў з'явіцца час, каб умацаваць сваю ўладу і падрыхтавацца да новага нападу".
Трэці сцэнар прадугледжвае, што перамены ў Беларусі пачнуцца яшчэ да перамогі Украіны. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што "рэжым Лукашэнкі значна менш стабільны, чым здаецца". "Мы не ведаем, што можа паслужыць штуршком: эканамічны крызіс, незадаволенасць насельніцтва або раскол элітаў, — кажа яна. — Нават адсутнасць дыктатара цягам некаторага часу стварае вакуум улады і паралізуе сістэму. Такія змены могуць стаць пераломным момантам".
Ціханоўская падкрэслілі, што беларусам трэба быць гатовымі "скарыстацца магчымасцю, калі яна з'явіцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.