Цяпер Расія бачыць сабе пагрозу ў Балтыі — памочнік Пуціна Патрушаў

Мікалай Патрушаў / ТАСС
Цяпер Расія бачыць пагрозу для сябе з боку NATO ў Балтыйскім рэгіёне. Пра гэта заявіў памочнік Пуціна і адзін з яго блізкіх паплечнікаў Мікалай Патрушаў.
"Прагноз абстаноўкі на Балтыцы дазваляе звярнуць увагу на наўмыснае распальванне рэгіянальнай напружанасці з боку ваенна-марскіх сіл еўрапейскіх краін альянсу. Высокая верагоднасць далейшага ўзмацнення пагроз расійскай партовай інфраструктуры і свабодзе суднаходства", — заявіў Патрушаў у інтэрв'ю часопісу "Нацыянальная абарона".
Паводле яго, NATO займаецца блакаваннем Расіі ў Балтыйскім рэгіёне, "грэбуючы аднаўленнем дыялогу паміж Масквой і Вашынгтонам". Патрушаў абвінаваціў афіцыйны Лондан, быццам той зрывае крокі па нармалізацыі амерыкана-расійскіх адносін і перамовы па Украіне.
Таксама Патрушаў абвінаваціў краіны NATO ў падрыхтоўцы тэрактаў: "Паводле наяўнай інфармацыі, іх ВМС плануюць узмацніць тэрарыстычную дзейнасць у дачыненні да расійскіх падводных трубаправодаў, танкераў і сухагрузаў".
У дадатак прадстаўнік Крамля абрынуўся на Фінляндыю, якая нядаўна ўступіла ў Паўночнаатлантычны альянс. Ён заявіў, што "Расія не дапусціць замахаў на свае нацыянальныя інтарэсы ў Балтыйскім рэгіёне, нягледзячы на актыўныя намаганні новапрынятых у NATO дзяржаў, якія літаральна са скуры лезуць, каб прадэманстраваць сваю лаяльнасць Захаду, не ўсведамляючы, у якую небяспечную гульню яны ўступаюць". Таксама Патрушаў падкрэсліў: фінам не варта забываць, што іх краіна на працягу стагоддзя ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.