Да анархіста Міколы Дзядка прыходзілі з “аглядам памяшкання”
Да анархіста Міколы Дзядка прыходзіла міліцыя з “аглядам памяшкання” па месцы рэгістрацыі. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Паводле Дзядка, у момант візіту яго не было ў хаце. Двое міліцыянтаў мелі пастанову Крупскай пракуратуры, ім адчыніла маці анархіста.
Праваахоўнікі фатаграфавалі памяшканне і шукалі там “экстрэмісцкую літаратуру” ў прысутнасці дваіх панятых. Са словаў Міколы Дзядка, падобныя вобшукі адбываліся па месцы рэгістрацыі яшчэ некалькіх яго паплечнікаў.
Мікола Дзядок быў асуджаны па рэзананснай “справе анархістаў” і прабыў у зняволенні з 2010 па 2015 год. У 2011 годзе быў прызнаны палітзняволеным.