Да лайн-апа “Басовішча 2013” дадаліся новыя ўдзельнікі
У спісе выступоўцаў з'явіліся Re1ikt, новы праект Ягора Забелава і іншыя.
Арганізатары фестывалю “Басовішча-2013” паведамілі пра новых удзельнікаў першага беларускага оўпэн-эйра. Імі сталі гурты Re1ikt з Беларусі і Masala з Польшчы а таксама беларусы Vinsent і ўдзельнік дуэта Gurzuf Ягор Забелаў, які прыедзе на фэст са сваім новым праектам Zabelov & Kinior, створаным пры ўдзеле польскага музыкі Уладзіміра Кінёрскага.
Як стала вядома раней, ужо пацверджаны ўдзел у фестывалі Pomidor/OFF, “Перкалаба”, Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego, Akute, Dzieciuki, The Toobes, Indios Bravos.
“Басовішча 2013” адбудзецца 19-20 ліпеня ў польскім мястэчку Гарадок. Ці застануцца сёлетнія “Басы” фэстам “музыкі маладой Беларусі”, пакуль невядома: ніякай інфармацыі пра традыцыйны конкурс сярод рок-пачаткоўцаў, дагэтуль няма. Нічога не вядома і пра візавую падтрымку жадаючых трапіць на оўпэн-эйр.