Дадон: Беларусь — краіна, якая купляе больш за ўсё малдаўскага віна
Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон выказаў захапленне беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для яго была арганізаваная прэзентацыя магчымасцяў і перспектыў Парку і нашай краіны ў цэлым у IT-сферы, паведамляе тэлеканал СТВ.
"Я здзіўлены тымі дасягненнямі, якія ўжо тут, у Парку, убачыў. У нас у Малдове таксама ёсць IT-паркі, але, я думаю, што нам ёсць чаму навучыцца ў вас. Я ведаю, што ёсць супрацоўніцтва — трэба гэта працягваць", — заявіў Дадон.
Ён адзначыў, што Малдова ўваходзіць у дзясятку краін з самым высокім узроўнем пранікнення інтэрнэту. Гэта азначае, што IT-сфера ў краіне вельмі развітая. "Мы вырабляем софт для вельмі многіх кампаній з Вялікабрытаніі, з Еўропы і гэтак далей. Ужо традыцыйна ў нас, пачынаючы з 2002-2003 гадоў, калі мы далі падатковыя льготы", — пахваліўся малдоўскі прэзідэнт.
У Малдове, кажа Дадон, ёсць асобны закон, які рэгулюе гэтую сферу, але ў параўнанні з Беларуссю існуе больш бюракратыі — міністэрствы, урад, парламент, прэзідэнт.
Акрамя IT-сферы малдаўскі кіраўнік адзначыў добрыя кантакты паміж Беларуссю і Малдовай на палітычным і эканамічным узроўні.
"У нас вельмі добрыя сумесныя прадпрыемствы, якія працуюць у Кішынёве. Мы збіраем трактары, мы збіраем тралейбусы ў Кішынёве. Таму, я думаю, што ўсе гэтыя праекты будуць працягнутыя. Дарэчы, Беларусь — краіна, якая купляе больш за ўсё малдаўскага віна", — падкрэсліў ён.